Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі (СЗНБ), падпольная арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 1946-49 гг. Заснавана ў 1946 г., з ініцыятывы камандзіра беларускага партызанскага атрада Івана Раманчука («Ястраб»). Дзейнічала ў некаторых раёнах Заходняй Беларусі, у тым ліку, у Горадне, Нясьвіжскім, Клецкім і Стоўбцаўскім раёнах. Устаноўчы сход прайшоў у 1946 г. на хутары Сацкая Ліпа (Нясьвіжскі раён) і на ім прысутнічала 6 чалавек, а сярод іх студэнты Гарадзенскага педінстытута. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сілаў, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону беларускага народа і незалежнасьці Бацькаўшчыны. Арганізацыя павінна была сваімі структурамі ахапіць усю Беларусь і чакаць адпаведнага часу, каб дзейнічаць. У адпаведнасьці з праграмай СЗНБ, павінны былі быць распушчаны калгасы, а зямля перадавалася сялянам. Была выпушчана й распаўсюджана антысавецкая ўлётка. СЗНБ будаваўся з «пяцёрак», склад кожнай зь іх ведаў толькі кіраўнік гэтага зьвяна. Дзякуючы кансьпірацыі, частка структур СЗНБ не была раскрытая. Некаторыя сябры арганізацыі знаходзіліся на нелегальным становішчы (І.Раманчук, Міхась Кожыч). Спроба арганізацыі суполкі СЗНБ у Менску скончылася правалам. На пачатку 1949 г. ворганамі савецкай дзяржбясьпекі было арыштаванае кіраўніцтва арганізацыі. У траўні (або летам) 1949 г. быў захоплены чэкістамі паранены ў баю Іван Раманчук, кіраўнік СЗНБ. Ваенным трыбуналам войск МВД Беларускай ваеннай акругі ад 15-17 чэрвеня 1949 г. за «здраду Радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду» 17 сябраў СЗНБ былі засуджаны на розныя тэрміны зьняволеньня.