Умераныя паясы, прыродныя геаграфічныя паясы Зямлі паміж субарктычным поясам і субтрапічным поясам (ад 65 да 40° паўночнай шыраты) у Паўночным і паміж субантарктычным поясам і субтрапічным (ад 58 да 42° паўднёвай шыраты) у Паўднёвым паўшар'ях. Займаюць каля 1/4 паверхні зямнога шара, у Паўночным паўшар'і каля 55% паверхні займае суша, у Паўднёвым - 98% тэрыторыі пад морам. Пераважае ўмераны клімат. Характэрна выразная сезоннасць тэрмічнага рэжыму з працяглай снежнай зімой і адпаведнай перыядычнасцю многіх прыродных працэсаў. У межах сушы ўмераных паясоў колькасць атмасферных ападкаў і іх рэжым значна вагаюцца ад прыакіянічных раёнаў да ўнутрымацерыковых. Шырока распаўсюджаны падзолістыя і ападзоленыя глебы, бурыя і шэрыя лясныя, менш чарназёмы, каштанавыя і інш. Ландшафты лясныя і лесастэпавыя ў Паўночным паўшар'і, стэпавыя, паўпустынныя, пустынныя, акіянічныя ў Паўднёвым паўшар'і. На вялікіх прасторах залягае шматгадовая мерзлата (пераважна ў Сібіры).

Паведаміць пра недакладнасьць