Акліматызацыя жывёл , працэс прыстасавання жывёл да новых прыродна-кліматычных умоў існавання. Аб'ектамі свядомай або выпадковай акліматызацыі ва ўсім свеце былі каля 200 відаў млекакормячых, некалькі соцень відаў птушак і насякомых, дзесяткі відаў земнаводных і паўзуноў, вялікая колькасць рыб і іншых жывёл. У Беларусі акліматызацыя вядзецца з канца 1920-х гадоў. Яна накіравана на рэканструкцыю і ўзбагачэнне фауны новымі гаспадарча-карыснымі відамі жывёл. За гэты час у краіну завезена 9 відаў млекакормячых, 2 птушак, каля 10 відаў рыб. У лясы, вадаёмы і іншыя ўгоддзі з мэтай акліматызацыі выпускаліся андатра, янот-паласкун, янотападобны сабака, алень высакародны, хахуля, норка амерыканская, курапатка барадатая, фазан, сяголеткі і лічынкі амурскага сазана, сярэбранага карася, пелядзі, чудскага сіга і іншых каштоўных рыб. У прыродзе акліматызацыя можа адбывацца і адвольна, без жадання чалавека, напрыклад, рассяленне каларадскага бульбянога жука. Калі жывёлы акліматызуюцца ў месцах, дзе яны былі пашыраны ў мінулым, гавораць аб рэакліматызацыі.

Паведаміць пра недакладнасьць