Птушкі , клас пазваночных жывёл, прыстасаваных для палёту (некаторыя з іх страцілі гэту здольнасць), у якіх размнажэнне звязана з адкладкай яец у вапнавых абалонках. Пашыраны ўсюды. У сусветнай фауне вядома каля 8,6 тыс. відаў. У Беларусі адзначана 290 відаў. З іх 224 гняздуюцца на тэрыторыі краіны, 24 толькі пралятаюць у час сезонных пералётаў, 30 рэгулярна залятаюць і 4 віды прылятаюць зімаваць. 75 рэдкіх і знікаючых відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі (гл. Ахоўныя жывёлы). Птушкі актыўныя пераважна днём, асобныя - ноччу. Корм разнастайны: у гусе-, кура- і голубападобных пераважае раслінны; у сокала- і совападобных - жывёльны; у іншых - мяшаны. Амаль усе птушкі Беларусі кормяць птушанят жывёльнай ежай. Большасць птушак карысныя, маюць гаспадарчае значэнне. Сініцы, пішчухі, попаўзні, валасянкі, чарацянкі, саракушы, мухалоўкі і іншыя насякомаедныя птушкі знішчаюць шкоднікаў садоў, сельскагаспадарчых і лясных культур; драпежныя птушкі і совы - мышападобных грызуноў. Качкі, цецярук, рабчык і іншыя паляўнічыя птушкі - аб'екты палявання. Маса птушак ад 6-7 г у жоўтагаловага каралька да 10 кг і болей у лебедзя-шыпуна. Звычайна ў красавіку - ліпені птушкі будуюць гнёзды і выводзяць птушанят. Нясуць яны ад 1 (арол-змеяед) да 25 (курапатка шэрая) яец, найчасцей - 4-6. Большасць гняздуецца 1 раз за год, некаторыя двойчы (сітаўка, конікі, жаваранкі) або тройчы (верабей дамавы, голуб шызы). Мясцовыя пералётныя птушкі зімуюць у краінах Заходняй Еўропы, Міжземнамор'я і Паўночнай Афрыкі. У апошнія гады некаторыя пералётныя птушкі застаюцца зімаваць на тэрыторыі Беларусі: у населеных пунктах - гракі, дразды, часам шпакі; на незамерзлых рэках і азёрах - крыжанкі, чыркі.

Паведаміць пра недакладнасьць