Грамадства (society),

1) наагул кожная самадастатковая супольнасць людзей;

2) навачасны тып сацыяльнай арганізацыі, процілеглы традыцыйнай грамадзе;

грамадства індустрыйнае (industrial society), паняцце, уведзенае ў сацыялогію А. дэ Сэн-Сымонам дзеля абазначэння новага тыпу грамадства, што запанаваў пасля заняпаду традыцыйнага, ці перадіндустрыйнага, грамадства, і дзе найважнейшае значэнне набывае прадукцыйнасць працы, «працавітасць» (industria з лац.), якая вызначае ўсё сацыяльнае жыццё;

грамадства масавае (mass society), адно з найбольш плённых паняццяў сацыяльнай філасофіі і сацыялогіі ХХ ст., якое распрацоўвалі гішпанскі філосаф Х.Артэга-і-Гасэт, К.Мангайм, сябры франкфурцкае школы ды іншыя даследнікі; паводле тае канцэпцыі, у Новыя часы адбылося выйсце на гістарычную сцэну масаў (так званае «паўстанне масаў»), якія сталі галоўным суб'ектам гісторыі, у адрозненне ад папярэдніх эпохаў, калі ўсё вырашалі нешматлікія арыстакратычныя эліты; да фармавання і ўздыму масаў спрычыніліся рынкавая эканоміка (масавая вытворчасць тавараў) і ліберальная дэмакратыя (агульнае выбарчае права), якія пазбавілі асобу незалежнасці, зрабілі чалавечыя стасункі ананімнымі, безасабовымі, медыяванымі рэчамі; менавіта з фармаваннем гэтага грамадства даследнікі звязвалі пашырэнне ў ХХ ст. таталітарных палітычных ідэалогіяў і рэжымаў;

грамадства мілітарнае (militant society), у канцэпцыі Г.Спэнсэра тып грамадства, які папярэднічае індустрыйнаму грамадству, адметны адсутнасцю сацыяльнай дыферэнцыяцыі, вельмі простай структураю; галоўную ролю ў сацыяльнай арганізацыі гэткага тыпу грае збройная сіла, гвалт, а не прадукцыйнасць працы ці стан эканомікі, як у індустрыйным грамадстве;

грамадства навачаснае (modern society), грамадства, якое зведала мадэрнізацыю, найперш індустрыялізацыю і ўрбанізацыю; грамадства Новых часоў;

грамадства пасляіндустрыйнае (post-industrial society), канцэпцыя Д.Бэла, згодна з якой замест індустрыйнага грамадства прыходзіць новы тып сацыяльнай арганізацыі, які розніцца ад папярэдняга тым, што тут важнейшую ролю граюць веды і інфармацыя, а не прадукцыйнасць працы, як у індустрыйным грамадстве; таму ўлада ў новым грамадстве, на думку Бэла, будзе належаць так званаму «абазнанаму класу» - навукоўцам, наагул экспертам, а не эканамічным агентам, ці бізнесоўцам; апрача таго, пасляіндустрыйнае грамадства арганізаванае не паводле аднаго прынцыпу, што ўласціва для індустрыйнага грамадства, дзе ўсё вызначае прадукцыйнасць працы, а кожная з сфераў грамадскага жыцця падпарадкуецца свайму ўласнаму прынцыпу («восі»);

грамадства перадіндустрыйнае (pre-industrial society), тып грамадства, які папярэднічае індустрыйнаму грамадству; звычайна атаясамліваюць з традыцыйным грамадствам, тыпам сацыяльнай арганізацыі, што панаваў перад пачаткам Новых часоў;

грамадства традыцыйнае (traditional society), тып сацыяльнай арганізацыі, які, паводле сацыёлагаў, папярэднічаў індустрыйнаму грамадству; найважнейшым прынцыпам такога тыпу грамадства ёсць перайманне й захаванне традыцыі, а не прадукцыйнасць працы, як у індустрыйным грамадстве.

Паведаміць пра недакладнасьць