Дзеянне, сацыяльнае дзеянне (action, social action), адно з найважнейшых паняццяў сацыяльнай тэорыі, якое абазначае адвольную дзейнасць індывіда як штосьці супрацьлеглае ўсталяванай сістэме, інстытуцыям ці структурам; гэтым тэрмінам сацыёлагі абазначаюць адвольны, ці валюнтарыстычны, аспект грамадства насуперак яго наканаванаму, дэтэрміністычнаму аспекту, які абазначаюць тэрмінамі «сістэма» або «структуры»; паняцце «сацыяльнае дзеянне» ў сацыялогіі М.Вэбэра абазначае ўчынак індывіда, які ўзгадняецца з паводзінамі іншых людзей; Вэбэр адрозніваў «дзеянне» ад «паводзінаў»: калі дзеянне ёсць свядома спланаваным учынкам асобы, дык тэрмінам «паводзіны» ён абазначыў тыя ўчынкі асобы, якія ёсць цалкам рэактыўнымі, г.зн. простым адказам індывіда на ўздзеянне на яго вонкавай, аб'ектыўнай сітуацыі; у тым адказе няма элемента рацыянальнай спланаванасці, наўмыснасці ўчынка, суб'ектыўнага значэння, якое надае дзеянню асоба;

дзеянне асобнае (unit-act), тэрмін структурнага функцыяналізму Т.Парсанза; абазначае адзінкавае дзеянне, якое, на думку Парсанза, мае ўлучаць дзеяча, мэту, на якую скіравана ягонае дзеянне, і сітуацыю (г.зн. кантэкст, у якім адбываецца тое дзеянне);

дзеянне алагічнае (non-logical social action), паводле В.Парэты, найбольш пашыраны тып дзеяння людзей; дзеянне, якое вызначаецца не аб'ектыўнай сітуацыяй, а суб'ектыўнымі прычынамі: каштоўнасцямі, перакананнямі, настроямі асобы;

дзеянне афектыўнае (affectual action), паводле класіфікацыі ідэальных тыпаў сацыяльнага дзеяння, прапанаванай М.Вэбэрам, тып дзеяння асобы, абумоўлены ейнымі эмоцыямі ці афектамі; належыць да тыпу ірацыянальнага дзеяння;

дзеянне вартасцёва-рацыянальнае (ням. wertrational), паводле класіфікацыі М.Вэбэра, тып сацыяльнага дзеяння, скіраванага на дасягненне абсалютнай вартасці; на думку Вэбэра, можа належыць як да тыпу рацыянальнага, так і да ірацыянальнага дзеяння: чым больш абсалютная, на думку індывіда, тая вартасць, дасягнуць якую ён імкнецца, тым меней рацыянальнымі робяцца ягоныя дзеянні, г.зн. спосабы, якія ён абірае дзеля дасягнення тае вартасці, і наадварот;

дзеянне ірацыянальнае (irrational action), тэрмін Вэбэравай сацыялогіі, якім даследнік абазначаў тып чалавечага дзеяння, не зарыентаванага на рацыянальныя мэты і спосабы іхнага дасягнення; да таго тыпу дзеяння Bэбэр залічыў афектыўнае, традыцыйнае і ў пэўнай ступені дзеянне, скіраванае на дасягненне нейкай вартасці (вартасцёва-рацыянальнае);

дзеянне мэтанакіраванае (мэтарацыянальнае) (ням. zweckrational), паводле Вэбэравай класіфікацыі ідэальных тыпаў сацыяльнага дзеяння, дзеянне, якое вызначаецца рацыянальным выбарам асобаю мэты і спосабаў яе дасягнення; належыць да тыпу рацыянальнага дзеяння;

дзеянне рацыянальнае (rational action), паняцце Вэбэравай сацыялогіі, якое абазначае тып дзеяння, калі індывід свядома абірае свае мэты і спосабы іх дасягнення, маючы на ўвазе кантэкст, у якім адбываецца дзеянне, г.зн. аб'ектыўную сітуацыю і дзеянні ўсіх іншых зацікаўленых асобаў; да таго тыпу належыць найперш мэтанакіраванае дзеянне;

дзеянне традыцыйнае (traditional action), адзін з ідэальных тыпаў сацыяльнага дзеяння, вылучаных М.Вэбэрам; адметнай рысай гэтага тыпу дзеяння ёсць тое, што чалавек дзейнічае паводле ўсталяванай традыцыі.

Паведаміць пра недакладнасьць