метад гістарычны (historical method), метад даследвання, з дапамогаю якога навуковец спрабуе пабудаваць мадэль, якая б адпавядала рэальнай паслядоўнасці вывучаных ім падзеяў; у пэўнай ступені адпавядае дыяхранічнаму падыходу і сацыяльнай дынаміцы;
метад ідыяграфічны (idiographic method), паводле нямецкіх філосафаў Віндэльбанда й Рыкерта, метад, які ўласцівы культуразнаўчым навукам (у тым ліку сацыялогіі) і грунтуецца на апісанні ўнікальных гістарычных з'яваў і падзеяў на падставе вартасцяў таго грамадства, дзе яны існуюць або здараюцца;
метад номатэтычны (nomothetic method), паводле нямецкіх філосафаў Віндэльбанда й Рыкерта, метад, уласцівы прыродазнаўчым навукам, зарыентаваны на пошук агульных законаў, якім падпарадкуецца пэўны клас з'яваў;
метад параўнальны (comparative method), метад, заснаваны на параўнанні падобных з'яваў у розных кантэкстах (напрыклад, у розных грамадствах); у пэўнай ступені блізкі сінхранічнаму падыходу і сацыяльнай статыцы;
метад вольных асацыяцыяў ("free association"), тэхніка, распрацаваная З.Фройдам дзеля лячэння псіхічна хворых людзей, калі пацыент цалкам адвольна апавядае тое, што яму прыйшло ў галаву; псіхааналітык робіць высновы аб трывогах хворага на падставе таго, дзе той раптам спыняецца або не хоча далей працягваць сваё апавяданне, пераходзіць на іншую тэму і г.д.;
метад спадарожных зменаў (method of concomitant variations), метад, прапанаваны Э.Дзюркеймам; заснаваны на дапушчэнні, што калі дзве падзеі адбываюцца разам і іхная сувязь не залежыць ад кантэксту, ад акалічнасцяў, дык мы маем прычынную, дэтэрміністычную повязь паміж тымі падзеямі.