Сацыялогія (sociology), навука, якая вывучае сацыяльныя інстытуцыі;

сацыялогія інтэрпрэтацыйная (interpretative sociology), кірунак у сацыялогіі, прыхільнікі якога (метадолагі Дыльтэй, Віндэльбанд і Рыкерт, прадстаўнікі Зімэль і Вэбэр) лічылі, што, каб патлумачыць пэўныя ўчынкі людзей, трэба зразумець суб'ектыўнае значэнне тых учынкаў або сэнс, які надае тым дзеянням сам чалавек, ці значэнне, якое яны маюць для яго;

сацыялогія фармальная (formal sociology), тое сама, што і «чыстая» сацыялогія;

сацыялогія «чыстая» ("pure" sociology), тэрмін Ф.Цёніса і Г.Зімэля, якія ўважалі за мэту сацыялогіі вывучэнне чыстых формаў згуртавання, зграмаджэння індывідаў незалежна ад зместу дачыненняў паміж тымі індывідамі;

сацыялогія ведаў (sociology of knowledge), тэрмін, прапанаваны М.Шэлерам дзеля абазначэння раздзела сацыялогіі, у якім вывучаюць залежнасць паміж сацыяльнай пазіцыяй асобы/групы і ейным светапоглядам; найбольш вядомы прадстаўнік - К.Мангайм.

Паведаміць пра недакладнасьць