Агіевіч Уладзімір, нарадзіўся 26.09.1910 г. у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Настаўнічаў у сельскай школе (1929-1933). Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1937). Выкладаў у Слуцкай педагагічнай навучальні (1937-1939), вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР (1937-1941). Некаторы час выкладаў гісторыю беларускай літаратуры ў вышэйшых навучальных установах Менска. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Быў паранены. У 1943-1946 гг. - вучоны сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Менскім педагагічным інстытуце, літкансультантам у СП БССР, рэдактарам аддзела часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1946 г.

Памёр 02.10.1952 г.

Дэбютаваў вершамі ў 1928 г. Як крытык пачаў выступаць у 1941 г. Вылучаюцца яго артыкулы пра творчасць Я.Купалы і Я.Коласа, пра пасляваенную беларускую паэзію. Склаў падручнікі (разам з І.Кудраўцавым): «Кніга для чытання ў 2 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952), «Кніга для чытання ў 3 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952). Лепшыя крытычныя працы сабраны ў кнізе «Літаратура і жыццё» (1954).

На беларускую мову пераклаў аповесць М.Прыляжаевай «З табой таварышы» (1950).

Паведаміць пра недакладнасьць