У 1938 г. паступіў на філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 г. быў узяты ў палон і вывезены фашыстамі ў Рур на каменнавугальныя шахты. Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949). Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», у 1953-1980 гг. - рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).
Першыя вершы апублікаваў у 1937 г. у бабруйскай газеце «Камуніст». Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як надалоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), рамана «У падзямеллі» (1986), «Анкета: Выбранае» (1990). Выдаў зборнік вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Выйшлі «Выбранае» (1976) і Выбраныя творы ў 2 тамах (1980).
Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, І.Франка, М.Джаліля, Г.Эміна, зборнікі вершаў С.Міхалкова «А што ў вас?» (1950), В.Бычко «Тры сястры» (1953), паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік «Сустрэча былых канагонаў».