Бяганская Ядвіга, нарадзілася 29.02.1908 г. у горадзе Ўлан-Удэ (Бурація) у сям'і чыгуначніка.

У 1922 г. з бацькамі вярнулася ў Беларусь. У 1924 г. аселі на жыхарства ў Менску. Скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Працавала выкладчыцай расейскай і беларускай мовы і літаратуры ў школах Менска. У лістападзе 1937 г. была арыштавана, асуджана на 10 год зняволення, адбывала тэрмін у калымскіх лагерах, дзе працавала на цяжкіх работах да дня свайго вызвалення. У ліс-тападзе 1947 г. ёй было дазволена жыць на Гомельшчыне. Толькі пасля рэабілітацыі (1954) атрымала магчымасць вярнуцца ў Менск. У 1956-1964 гг. працавала старшым рэдактарам перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджана медалямі.

Памерла 03.04.1992 г.

У друку дэбютавала вершамі ў 1926 г. (часопіс «Малады араты»). Напісала для дзяцей кнігі аповесцей, апавяданняў «Далеко на Севере» (Магадан, 1954), «Жэнеў галубок» (1958), «Сустрэча з морам» (1962), «Зосіна зорачка» (1965), «Кожны марыць стаць Калумбам» (1968), «Над ракой Шушай» (1977), «Нечаканая сустрэча» (1980), «Сланечнікі» (1980) «Ля самага сіняга мора» (1982), «Сонцу і ветру насустрач» (1988).

Працавала ў галіне перакладу з польскай і славацкай моў на беларускую. З польскай пераклала аповесці Б.Ясенскага «Палю Парыж» (1932), Я.Корчака «Кароль Мацюсь Першы» (1970), Г.Бахляровай «Дом пад каштанамі» (1972), А.Богдая «Прыгоды маленькага Пінгвіна Пік-Пока» (1973), Э.Ажэшкі «Хам» (1975), Г.Паўшар-Кляноўскай «Нявыдуманыя гісторыі» (1976) і інш. Са славацкай - раманы М.Крно «Я вярнуся жывы» (1960), У.Мінача «Жывыя і мёртвыя» (1961), К.Ярунковай «Брат маўклівага ваўка» (1976), Я.Грушоўскага «Яношак» (1980) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць