Гартны Цішка (сапр. Жылуновіч Зміцер), нарадзіўся 04.11.1887 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1905 г. скончыў двухкласную навучальню ў Капылі. Працаваў у гарбарнай майстэрні. Прымаў удзел у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гг. У пошуках працы аб'ехаў Беларусь, Украіну і Летуву. У 1910 і 1911 гг. прыязджаў у Капыль і браў удзел у рабоце мясцовай арганізацыі РСДРП, у выданні рукапісных часопісаў. У траўні 1913 г. стаў працаваць на заводзе «Вулкан» у Пецярбургу. Газета «Правда» ў 1912-1913 гг. змясціла шэраг яго вершаў і нарыс пра гарбароў. Быў сябрам рабочага культурна-асветнага таварыства «Знанне». У 1914 г. перайшоў працаваць на завод «Айваз». Вёў у Петраградзе прапагандысцкую і арганізацыйную работу сярод бежанцаў-беларусаў. Пасля Кастрычніка - сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, рэдактар газеты «Дзянніца». З дня ўтварэння БССР (01.01.1919) да 03.02.1919 г. быў старшынёй Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі. З сакавіка 1919 г. - рэдактар-выпускаючы і сакратар газеты «Красная заря» (Харкаў), а з чэрвеня 1919 г. - палітработнік у штабе 14-й арміі, Працаваў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР і Дзяржаўнага архіва БССР, загадчыкам Галоўмастацтва і намеснікам народнага камісара асветы БССР. Быў сябрам Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры), а ў 1928 г. абраны акадэмікам АН БССР. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР. Быў сябрам ЦВК БССР (1920-1931). 15.11.1936 г. арыштаваны. Знаходзячыся ў турме, быў абвешчаны псіхічна хворым, у сувязі з чым пераведзены ў Магілеўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе памёр (па іншых звестках - скончыў жыццё самагубствам). 15.10.1955 г. рэабілітаваны ў грамадска-прававых адносінах, у 1988 г. адбылася поўная палітычная рэабілітацыя. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 11.04.1937.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. на старонках «Нашай нівы». Выдаў зборнікі паэзіі «Песні» (1913), «Песні працы і змагання» (Берлін, 1922), «Урачыстасць» (1925). У 1967 г. выйшлі «Вершы».

Актыўна выступаў як празаік. Аўтар кніг апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924), «Прысады» (апавяданні і п'есы, 1927), «Гаспадар» (1930), «Гоман зарніц» (1932), «Наступ на горны» (апавяданні, нарысы і вершы, 1932), аповесцей «На новым месцы» (1930), «Зялёны шум» (1931), рамана «Сокі цаліны» (ч. I-III, 1922-1930). У 1929-1932 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах, у 1987-1989 гг. - тры тамы Збору твораў у 4 тамах. У 1926 і 1962 гг. - «Выбраныя апавяданні», у 1978 г. - кніга выбраных апавяданняў «Насустрач сонцу».

Аўтар драм «Хвалі жыцця» (1918), «Сацыялістка» (1924), «Дзвё сілы» (1927), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Узгоркі і нізіны» (1928), крытыка-біяграфічнага нарыса «Янка Купала - пясняр вызвалення» («Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», 1928).

Пераклаў на беларускую мову раман А.Фадзеева «Апошні з удэгэ» (1932).

Выбраныя творы Цішкі Гартнага на Беларускай Палічцы

Паведаміць пра недакладнасьць