Замоцін Іван, нарадзіўся 01.11.1873 г. у вёсцы Крывуліна Бежацкага раёна Цвярской вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне гісторыі і славеснасці Пецярбургскага гісторыка-філалагічнага інстытута (1897). Працаваў настаўнікам гімназіі ў Варшаве, Пецярбургу. З 1904 г. быў прыват-дацэнтам Варшаўскага, а потым Пецярбургскага ўніверсітэтаў. З 1908 г. - прафесар Варшаўскага, у 1917-1922 гг. - Данскога ўніверсітэтаў. З 1922 г. - прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, чытаў курс методыкі выкладання літаратуры. З 1931 г. - прафесар Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова (з 1925) працаваў у Інстытуце беларускай культуры, затым у АН БССР. 04.04.1938 г. быў арыштаваны, 05.08.1939 г. асуджаны да 8 год выпраўленча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны 18.04.1956 г. Акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР, доктар філалагічных навук, прафесар.

Памёр у лагеры 25.05.1942 г.

Пісаў на расейскай і беларускай мовах. Навуковыя працы прысвечаны гісторыі літаратуры XVIII-XIX і беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзяў. Адзін з пачынальнікаў беларускага савецкага літаратуразнаўства. Першая кніга «Ранние романтические веяния в русской литературе» надрукавана ў 1900 г. у Варшаве. Затым былі выдадзены працы «Предание о Вадиме Новгородском в русской литературе» (Варонеж, 1901), «Романтизм двадцатых годов XIX ст. в русской литературе» (Варшава, 1903-1907, т. 1-2), «Литературные эпохи XIX столетия: Очерки по истории русской литературы» (Варшава, 1906, вып. 1-6), «Романтический идеализм в русском обществе и литературе 20-30-х годов XIX ст.» (Санкт-Пецярбург, 1907), «Сороковые и шестидесятые годы» (Варшава, 1911), «Ф.М.Достоевский в русской критике, 1846-1881» (Варшава, 1913, ч. 1), «М.Ю.Лермонтов» (Варшава, 1914), «Единство русской культуры» (Харкаў, 1919). У Менску выйшлі «На переломе: Схема литературных исканий XIX-XX вв.» (1927), «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Вып. 1-2» (1927-1928), «А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці» (1937), а таксама некалькі метадычных распрацовак па пытаннях выкладання мовы і літаратуры. Шэраг работ надрукаваны ў 20-30-я гг. у «Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», у часопісах «Узвышша», «Полымя». Крытыка-біяграфічны нарыс пра М.Багдановіча змешчаны ў 1 томе Збору твораў паэта (Менск, 1927). Даследаваў таксама творчасць І.Тургенева, І.Ганчарова, М.Някрасава, Л.Талстога, А.Серафімовіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, П.Глебкі, К.Крапівы і іншых пісьменнікаў.

Паведаміць пра недакладнасьць