У 1948 г. скончыў Лідскую педагагічную навучальню. Працаваў настаўнікам Дабравольскай сямігадовай школы на Гарадзеншчыне. У 1949-1953 гг. вучыўся на факультэце мовы і літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў у Свірскім раёне выкладчыкам мовы і літаратуры Сырмежскай СШ, дырэктарам Кемелішскай СШ. У 1955 г. паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Пасля заканчэння аспірантуры (1958) - навуковы супрацоўнік, з 1982 г. дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1962 г. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1981). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.
У друку выступае з 1952 г. як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі «Пошукі і здзяйсненні» (1963), «Давер» (1967), «Голас чалавечнасці» (1970), «З пазіцый сучаснасці» (1975, 2-е выданне 1982), «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» (1975), «Прага духоўнасці» (літаратурна-крытычныя артыкулы, 1975), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977), «Жывое аблічча дзён» (1979), «Иван Шамякин: Очерк творчества» (Масква, 1979, на беларускай мове ў 1980), «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» (1981), «Общность судеб и сердец: Белорусская проза о Великой Отечественной войне в контексте русской и других литератур» (1985), «Покліч жыцця» (1987), «Веліч праўды: Выбранае» (1989). Напісаў на VIII Міжнародны з'езд славістаў даклад «Некаторыя асаблівасці параўнальнага вывучэння славянскіх літаратур запозненага развіцця» (1973). З'яўляецца сааўтарам кнігі «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (з М.Мушынскім, А.Яскевічам, 1972), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории советской многонациональной литературы» (1974), «Истории белорусской советской литературы» (1974).
Аўтар рамана «Падвышанае неба» (1978). Лаўрэат прэміі СП СССР (1976) за кнігу «Прага духоўнасці», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у стварэнні даследавання «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».