Скончыў Грэскую сямігодку. Вучыўся на пазашкольным аддзяленні Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Менску (1930-1933). Быў сябрам «Маладняка». 23.02.1933 г. арыштаваны і асуджаны на 3 гады няволі. Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе (чацвёртае аддзяленне Дальлага). У канцы кастрычніка 1935 г. датэрмінова вызвалены «за ўдарную працу і добрыя паводзіны». Жыў у Варонежы (1935-1938), вучыўся ў педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце (1936-1938), працаваў настаўнікам у пасёлку Ваўчок Варонежскай вобласці (1938-1941). З першых дзён вайны - на фронце. Ваяваў на Ўкраіне, у траўні 1942 г. трапіў у акружэнне. З 1944 г. - у Германіі. У 1950 г. выехаў у ЗША, дзе жыве і цяпер.
Першы верш апублікаваў у 1929 г. (газета «Беларуская вёска»). Друкаваўся ў «Піянеры Беларусі», у дадатку да бабруйскага «Камуніста» - «Вясне», у часопісе «Маладняк». У эміграцыі выдаў зборнікі паэзіі «Ростань» (Рэгенсбург, 1947), «Пад зоркамі белымі» (Нью-Ёрк, 1954), «Першая рана» (Манчэстэр, 1960), «Цяжкія думы» (ЗША, 1961), «Міжагнёўе» (Нью-Ёрк, 1990).
Перакладае творы расейскіх, украінскіх, ангельскіх, польскіх паэтаў на беларускую мову.
Выбраныя творы Міхася Кавыля на Беларускай Палічцы