У 1952 г. скончыў Вераскоўскую сярэднюю школу, працаваў камсоргам у школе (1952-1953), затым у мясцовым калгасе. У 1954 г. паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) - настаўнік, а з 1960 г. - дырэктар Стражоўскай васьмігадовай школы Вілейскага раёна. Пасля заканчэння аспірантуры пры Інстытуце філасофіі і права АН БССР (1964) - навуковы супрацоўнік, затым загадчык сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі, з 1986 г. - вядучы навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філасофскіх навук. Сябра СП СССР з 1982 г.
Даследуе пытанні гісторыі і тэорыі эстэтыкі і літаратуразнаўства Беларусі. Першы артыкул надрукаваў у 1963 г. (часопіс «Весці АН БССР»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг «Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі. 1917-1934 гг.» (1968), «Демократическая эстетика Белоруссии. 1905-1917» (1971), «Очерк истории эстетической мысли Белоруссии» (з Э.Дарашэвічам, Масква, 1972); «Адам Бабарэка: Крытыка-біяграфічны нарыс» (1976), «От Ренессанса к классицизму» (1978), «Эстетическая мысль Советской Белоруссии» (1978), «Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в.» (1985), «Беларуская эстэтыка і мастацкая культура: гістарычныя традыцыі і сучаснасць» (1988), «Ля вытокаў самапазнання: станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору» (1989), брашур «Святло для людзей» (1989), «Боская і чалавечая мудрасць» (1990). У перыядычным друку выступае з артыкуламі пра творчасць беларускіх пісьменнікаў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за цыкл калектыўных даследаванняў па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі.