У пачатку Вялікай Айчыннай вайны прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў ваенна-авіяцыйную навучальню (1944), як лётчык-знішчальнік удзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па стану здароўя ў канцы 1946 г. быў звольнены з арміі. У 1947-1949 гг. працаваў у БелТА. Быў зноў прызваны ў кадры Ўзброеных Сіл, у 1963 г. скончыў Ваенна-палітычную акадэмію. Многія гады з'яўляўся ўласным карэспандэнтам газеты «Красная звезда» па Беларускай ваеннай акрузе. У 1974-1979 гг. - адказны рэдактар газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Сакратар праўлення Саюза журналістаў БССР (1976-1979). Дырэктар Дома літаратара (1980-1981). Сябра СП СССР з 1962 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «За службу Радзіме ва Ўзброеных Сілах СССР» III ступені і медалямі.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1956 г. Піша на расейскай мове. У свет выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Сложный вариант» (Масква, 1958), «Звуковой барьер» (Хабараўск, 1959) і «Наташины зорьки» (Хабараўск, 1960), «Человек расправляет крылья» (Масква, 1961), «Знакомый почерк» (Масква, 1963), «Истинная высота» (1965), «Сестра белой березы» (1979), аповесці «Крылья на вырост» (Масква, 1973), «Сергей Грицевец» (1987), раман «Небом крещенные» (Масква, 1969), кніга прозы «Крылья на вырост» (раман, аповесць, апавяданні, 1984).