Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, у 1890 г. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Сядзеў у Бутырскай турме. Вярнуўся на Беларусь, працаваў памочнікам правізара ў Радашковічах, потым у краме-кааперацыі. Па стану здароўя пакінуў працу і пераехаў з сям'ёю ў бацькоўскі фальварак Карпілаўка, што пад Радашковічамі, дзе і правёў большую частку жыцця. У 1909-1910 гг. жыў у Вільні, працаваў некаторы час сакратаром, затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». У 1913 г. - у рэдакцыі газеты «Беларус». З лістапада 1913 г. да студзеня 1915 г. - тэхнічны рэдактар беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Менску.
Памёр 24.02.1922 г. у Вільні.
Літаратурную дзейнасць пачаў у турме: пераклаў на беларускую мову апавяданне Ў.Гаршына «Сігнал» (выдадзена ў Маскве ў 1891). У 1892 г. напісаў камедыю «Злодзей» (пастаноўка забаронена паліцыяй, рукапіс загінуў). Першае апавяданне на беларускай мове «Суд» апублікаваў у 1906 г. (газета «Наша доля»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Бярозка» (Вільня, 1912, 1923), «Васількі» (Вільня, 1914), «Апавяданні» (1940, 1946), падарожнага нарыса «Дзед Завала» (Вільня, 1910), кнігі «Успаміны» (Вільня, 1921), няскончанага рамана «Золата», шэрагу рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў. У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы.
Выбраныя творы Ядвігіна Ш. на Беларускай Палічцы