У 1936 г. скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум. Працаваў настаўнікам Буцавіцкай школы Менскага раёна. Скончыў завочна Менскі настаўніцкі інстытут у 1939 г. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг., быў паранены. У час Вялікай Айчыннай вайны - разведчык, начальнік разведкі атрада «Грозны» на Меншчыне. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў два гады (1944-1946) працаваў адказным сакратаром рэдакцыі глускай раённай газеты «Сацыялістычная вёска» і настаўнічаў у Глускай сярэдняй школе. У 1948 г. скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Радашковіцкай сярэдняй школе, вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце. З 1953 г. - выкладчык беларускай мовы, у 1956-1982 гг. - загадчык, з 1983 г. - прафесар кафедры беларускага мовазнаўства гэтага інстытута. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1968 г.
Заслужаны дзеяч навукі БССР (1972).
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Памёр 13.11.1989 г.
Першае выступленне ў рэспубліканскім друку датуецца 1936 г. (нарыс у часопісе «Работніца і калгасніца Беларусі»). Аўтар кніг «Дыялектны слоўнік» (вып. 1-3, 1959-1970), «Беларускае літаратурнае вымаўленне» (1960), «Пытанні культуры мовы» (1961), «Вусная мова і выразнае чытанне» (з У.Калеснікам, 1962), «Роднае слова» (1967, 2-е выданне ў 1972, 3-е пад назвай «Беларуская мова» ў 1978), «Беларуская фразеалогія» (1968, 1981), «Беларускія народныя параўнанні» (1973), «Гістарычная граматыка беларускай мовы» (ч. I - 1974, ч. II - 1977), «Сучасная беларуская мова» (1984), «Само слова гаворыць» (1986). Выдаў «Фразеалагічны слоўнік» (з Н.Гаўрош і Я.Лепешавым, 1973). Складальнік зборнікаў крылатых слоў і афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнанняў, фразеалагізмаў «З беларускіх літаратурных крыніц» (1960), «Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі» (1957), «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (1962). Адзін з аўтараў дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў «Сучасная беларуская літаратурная мова» (1976, 1984), «Практыкум па беларускай мове» (1980) і інш.
Выйшлі кнігі прозы «Абразкі» (1975), «Прыпыніся на часінку» (1979), «І за гарою пакланюся» (1982), «Радасць і боль» (1984), «З нялёгкіх дарог» (выбранае, 1988).