Вызначальнай асаблівасцю Балотнікаў, Багнікаў, Аржавеннікаў, Лознікаў трэба лічыць іх узаемадапамогу ў праследаванні ахвяры - чалавека ці яго памочнікаў - свойскіх жывёл; але яны не бываюць супрацоўнікамі і памочнікамі Вадзяніка, які пазбягае гэтых брудных, ва ўсім неахайных нячысцікаў. Між сабою яны не маюць сувязі, хоць нярэдка і жывуць поруч. Не здольны яны да пяшчоты і ласкі, таму што няўклюдныя, нерухомыя, панурыя... Гэтыя нячысцікі шукаюць ахвяру, заманьваючы прыгожымі вобразамі і гукамі, у чым і сама прырода дапамагае ім, падстаўляючы ахвяры заманлівую расліннасць, але каварную глебу, ці проста дае міраж. Яны пачынаюць дзейнічаць тады, калі ахвяра паддалася каварству і загрузла ў багне, заблыталася ў каранях і ствалах лазняка: адпаведны нячысцік хапае яе за ногі і паволі, але трывала цягне да сябе; раз'яднаная было паверхня багны сыходзіцца зноў і не пакідае слядоў пагібелі жывой істоты.
Балотнікі, Багнікі, Аржавеннікі і Лознікі не паражаюцца грамавымі стрэламі, якія губляюць забойную сілу пры першым судакрананні з паверхняю іх жытла, і нячысцікі бясстрашна, з сатанінскаю насмешкаю падхопліваюць гэтыя стрэлы. Але для ўсіх гэтых нячысцікаў ёсць непазбежная найвялікшая небяспека - асушэнне іх жытла правядзеннем каналаў: раз адсюль сыходзіць вада і асела, згусціўшыся, зямля - нячысцік гіне, бо не ў стане выбрацца з жытла, якое цяпер робіцца яму магілаю. З цягам часу астанкі нячысціка зліваюцца з зямлёю і служаць угнаеннем - і адным нячысцікам робіцца меней, таму што ўсе яны вечна самотныя, халасцякі.
Балотнік цешыцца, калі на паверхні яго жытла ідзе расліннае і жывёльнае жыццё; па вечарах і раніцамі ён раве як карова (голас птушкі бугая), кракае па-качынаму, булькае, нібы цецярук, каб завабіць сюды паляўнічага ці драпежніка - дзіка, стогне і тут жа раптоўна выбухвае рогатам маладога чалавечага голаса (пардва - белая курапатка), гагоча прыманлівым гудам (бакас на таку) і інш.
Калі прырода расквечвае паверхню жытла Балотніка цудоўнымі кветкамі, ягаднікам (брусніцы, журавіны, марошка), грыбамі (махавікі), нячысцік патаемна вырошчвае паміж іх каварны багун, які нібы чадам задурманьвае галаву наведвальніку. Бавячы свой бясконцы вольны час, Балотнік там і тут прабівае парою балотныя акенцы і акружае іх то здрадніцкай расліннасцю, то падганяе туды рыбу. Гэта - сатанінская пастка, якая загубіла не адну ахвяру.
Якім бы чынам ні прыцягвалася ахвяра, Балотнік у стане загубіць яе толькі тады, калі багна дастаткова глыбокая; у адваротным выпадку яму застаецца мучыцца бяссільнаю злобаю і тым мацней, чым надзейней выратаванне ахвяры. Надта злуе Балотніка людское прыстасаванне хадзіць па багне з дапамогаю балотных лыжаў: трасецца глеба, гнецца ўніз, а чалавек смела рухаецца наперад! Верхам жа злобы становіцца спякотнае лета: не толькі сам чалавек смела топча паверхню багны, але нярэдка праводзіць па ёй каня з возам. Што ж датычыцца зімовага часу, то мярзляк-Балотнік курчыцца і трасецца на дне жытла і вымушаны падумаць пра ўласную бяспеку: вымерзне балота - загіне і Балотнік. Праўда, з яго бярлогі падымаецца час ад часу цёплае дыханне, яно ўтварае балотную палонку, але прыцісне новы мароз - Балотнік зноў у трывозе за сваё існаванне, зноў бяссільна злуецца на конскі тупат, што рэхам аддаецца ў яго бярлозе.
Хоць нікому з людзей не даводзілася бачыць Балотніка такім, які ён ёсць на самай сраве, аднак... вядома, што ён страшэнны таўстун, зусім без вачэй, увесь у тоўстым слоі гразі, да якой наліплі ў беспарадку водарасці, мохавыя валокны, смаўжы, жукі і іншыя вадзяныя насякомыя. Усё гэта разам з непаваротлівасцю робіць Балотніка найбольш пачварным з нячысцікаў. (Никифоровский II, с. 80-82.)