Гарэцкі Максім, нарадзіўся 18 лютага 1893 г. у вёсцы Меншая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні ў малазямельнай сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Горы-Горацкай каморніцка-агранамічнай навучальні (1913) працаваў на Віленшчыне. Летам 1914 г. прызваны ў царскую армію. У час першай сусветнай вайны трапіў на фронт, удзельнічаў у баявых аперацыях ва Ўсходняй Прусіі. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені. Быў цяжка паранены. У 1916 г. скончыў Паўлаўскую ваенную навучальню (Петраград). Калі знаходзіўся на пазіцыях у раёне пінскіх балот (1917), захварэў. Камісаваны з войска па стане здароўя. З кастрычніка 1917 г. жыў у Смаленску. Займаў пасаду каменданта жыллёвага аддзела, з'яўляўся супрацоўнікам газет «Известия Смоленского Совета...», «Звезда». У пачатку 1919 г. з рэдакцыяй «Звезды» пераехаў у Менск, адтуль - у Вільню. Раптоўны захоп горада войскамі панскай Польшчы прымусіў М.Гарэцкага застацца на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Першай Віленскай беларускай гімназіі і адначасова на настаўніцкіх курсах, быў рэдактарам-выдаўцом газет «Наша думка», «Беларуская думка», «Беларускія ведамасці». У студзені 1922 г. за сувязь з віленскімі камуністамі арыштаваны і пасаджаны ў адзіночную камеру Лукішскай турмы. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. У кастрычніку 1923 г. пераехаў у Менск. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР, чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, узначальваў мовазнаўчую і літаратуразнаўчую секцыі Інбелкульта, з'яўляўся яго правадзейным членам. У 1926-1928 гг. загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (Магілеўская вобл.). Пасля вяртання ў Менск (1928) прызначаны вучоным спецыялістам Інстытута навуковай мовы Інбелкульта. У ліпені 1930 г. беспадстаўна арыштаваны органамі АДПУ і пасаджаны ў менскую турму. Сфабрыкаваных абвінавачванняў у прыналежнасці да так званай контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» не прызнаў. У 1931 г. асуджаны да пяцігадовай высылкі ў Вятку. Працаваў рабочым на будоўлі лазні, чарцёжнікам на фабрыцы вучэбных дапаможнікаў, тэхнікам-каштарыснікам. З верасня 1935 г. выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў Пясочні.

У лістападзе 1937 г. М.Гарэцкі зноў арыштаваны. 5 студзеня 1938 г. пастановай тройкі НКУС Смаленскай вобласці прысуджаны да расстрэлу. Прыгавор выкананы 10 лютага 1938 г. у Вязьме.

Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 г.

Творчая дзейнасць М.Гарэцкага пачалася з напісання карэспандэнцый у «Нашу ніву» (1912). Літаратурным дэбютам стала апавяданне «У лазні», надрукаванае ў 1913 г. за подпісам Максім Беларус. Выйшлі зборнікі апавяданняў «Рунь» (1914), «Досвіткі» (1926), аповесці «Дзве душы» (1919), «У чым яго крыўда?» (1926), «Ціхія песні» (1926; пад назвай «Ціхая плынь» аповесць выйшла ў 1930 г.), дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне» (1926). Пасля смерці пісьменніка ўпершыню апублікаваны раман «Віленскія камунары» (1963), а таксама незавершаныя творы «Камароўская хроніка» (1966), «Скарбы жыцця» (1993).

Змястоўную старонку складаюць творы драматычнага жанру: «Атрута» (1913), «Гапон і Любачка» (1914), «Каменацёс», «Чырвоныя ружы», «Не адной веры», «Жалобная камедыя» (усе - 1922) і інш. Асобным выданнем выйшлі «Антон» (1919), «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1928).

Шмат зроблена М.Гарэцкім у галіне крытыкі, літаратуразнаўства, лексікаграфіі. Напісана першая «Гісторыя беларускае літаратуры» (1920, 4-е выд. 1926), выдадзена кніга «Маладняк» за пяць гадоў. 1923-1928» (1928), складзена «Хрэстаматыя беларускай літаратуры. XІ век - 1905 г.» (1922). Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» (з Г.Гарэцкім, 1918, перавыд. 1920), самастойна складзены «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919, 3-е выд. 1925), падрыхтаваны «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (з М.Байковым, 1924, 2-е выд. 1926).

Істотнае месца ў творчай біяграфіі М.Гарэцкага займае перакладчыцкая дзейнасць. Ён пераклаў на беларускую мову выдатны помнік літаратуры ўсходніх славян «Слова аб палку Ігаравым» (1921-1922), творы М.Горкага «Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш», А.Фадзеева «Разгром», Ю.Лебядзінскага «Камісары», «Тыдзень» (усе - 1930) і інш.

У 1984-1986 гг. выйшаў першы Збор твораў М.Гарэцкага ў 4-х тамах. Пазней выдадзены два дадатковыя тамы: «Творы» (1990), «Гісторыя беларускае літаратуры» (1992).

Крыніца: Максім Гарэцкі. Прысады жыцця. Менск, Мастацкая літаратура, 2003.

Паведаміць пра недакладнасьць