Колас Якуб (Міцкевіч Канстанцін), нарадзіўся 03.11.1882 г. у засценку Акінчыцы Менскага павета (цяпер у межах г. Стоўбцы Менскай вобл.). Раннія дзіцячыя гады прайшлі ў лесніковых пасадах Ласток і Альбуць. Вучыўся ў Мікалаеўшчынскай пачатковай школе. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902-1906 гг. настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёна, Пінкавічы Пінскага раёна, Верхмень Смалявіцкага раёна. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе (ліпень 1906) звольнены з пасады. Жыў на паўлегальным становішчы ва ўрочышчы Смалярня, знаходзіўся пад наглядам паліцыі (1907). Працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у прыватнай беларускай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15.09.1908 г. быў асуджаны на тры гады зняволення. Пакаранне адбываў у менскім астрозе. У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у прыходскай навучальні ў Пінску. У верасні 1915 г. мабілізаваны ў армію. Скончыў Аляксандраўскую ваенную навучальню (Масква, 1916). У званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў Пярмі. Улетку 1917 г. накіраваны на румынскі фронт. У сувязі з хваробай атрымаў адпачынак. Паводле дэкрэта Савецкай улады як настаўнік вызвалены ад вайсковай службы. Працаваў настаўнікам, школьным інструктарам на Куршчыне.

У траўні 1921 г. пераехаў у Менск. Выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме, Беларускім дзяржаўным універсітэце, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. З 1929 г. быў зацверджаны правадзейным членам Беларускай акадэміі навук, абраны яе віцэ-прэзідэнтам. Удзельнічаў у рабоце Ўсебеларускіх з'ездаў Саветаў (1924, 1927, 1929, 1935, 1937), Міжнароднага кангрэса ў абарону культуры (1935, Парыж). Быў членам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938).

У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (1941-1943), Маскве. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Менск. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946-1956) і БССР (1938-1956), старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Акадэмік АН БССР. Член СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Народны паэт БССР (1926). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1944).

Памёр 13.08.1956 г.

Літаратурным дэбютам стаў верш «Наш родны край» (14.09.1906, газ. «Наша доля»). У 1910 г. у Вільні выдаў першы зборнік вершаў «Песні-жальбы». Выйшлі кнігі прозы «Апавяданні» (1912), «Родныя з'явы» (1914), «Казкі жыцця» (1921), зборнік вершаў «Водгулле» (1922), аповесць «У палескай глушы» (1923), паэма «Новая зямля» (1923), зборнікі апавяданняў «Крок за крокам», «На рубяжы», «Першыя крокі», «У ціхай вадзе», паэма «Сымон-музыка» (усе ў 1925), аповесці «На прасторах жыцця» (1926), «У глыбі Палесся» (1927), «Адшчапенец» (1932), «Дрыгва» (1934), зборнікі вершаў «Нашы дні» (1937), «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі» (1943), паэмы «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1946), зборнік вершаў «Мой дом» (1946), паэма «Рыбакова хата» (1947), трылогія «На ростанях» (1955). Аўтар твораў для дзяцей - паэмы «Міхасёвы прыгоды» (1935), вершаванай казкі «Рак-вусач» (1938), зборнікаў вершаў «На рэчцы зімой» (1941), «Вершы для дзяцей» (1945), зборнікаў апавяданняў «У старых дубах» (1941), «Раніца жыцця» (1950). Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.

Пераклаў на беларускую мову творы А.Пушкіна, М.Лермантава, Т.Шаўчэнкі, Р.Тагора і інш.

Выйшлі зборы твораў у 2 (1928-1929), у 7 (1952), 12 (1961-1964), 14 (1972-1978) тамах.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за вершы ваеннага часу, Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Рыбакова хата».

Крыніца: Якуб Колас. Нёманаў дар. Менск, Мастацкая літаратура, 2003.

Паведаміць пра недакладнасьць