абарваць1, -рву, -рвеш, -рве; -рвём, -рвяце; зак., каго-што.
1. Зрываючы, вызваліць што-н. ад чаго-н. Абарваць куст агрэсту.
// Пазрываць што-н. з чаго-н.
Абарваць спелыя ягады.Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк.
2. Моцна нацягнуўшы, разарваць; адарваць частку чаго-н. або поўнасцю што-н. ад чаго-н.
Ён абарваў брызент, якім ззаду быў завешаны кузаў. Янкоўскі.
3. перан. Раптоўна і рэзка спыніць дзеянне, працяканне чаго-н.
Абарваць размову.Разважанні камандзіра абарваў далёкі гарматны стрэл. Шчарбатаў.
4. Разм. Зарабіць, раздабыць што-н.
Чалавек тут жыў бедны і рад быў абарваць капейку з якога-небудзь выпадку. Чорны.
5. перан. Разм. Зрабіўшы рэзкую, грубую заўвагу, перапыніць каго-н., прымусіць змоўкнуць.
Андрэй слухаў Івана і ледзь стрымліваўся, каб не абарваць яго рэзкім словам. Шахавец.
6. Пашкодзіць, разарваць кусаючы; абкусаць.
— Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго [чорта] пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць! Якімовіч.
Абарваць тэлефон — часта, многа званіць па тэлефоне.

Паведаміць пра недакладнасьць