абвесці, -вяду, -вядзеш, -вядзе; -вядзём, -ведзяце; пр. абвёў, -вяла, -вяло; зак.
1. каго-што. Правесці каго-н. вакол чаго-н.
// Правесці кружным шляхам, мінуўшы што-н.
// У футболе, хакеі — ведучы мяч, шайбу, абысці праціўніка.
2. каго-што і без дап. Правесці чым-н. вакол чаго-н., зрабіць кругавы рух.
Абвесці ўказкаю граніцы дзяржавы. Абвесці рукой вакол сябе.
3. Водзячы каго-н., пабыць у многіх месцах.
Абвёў яе [жонку] па ўсіх павільёнах, паказаў мічурынскі сад. Васілевіч.
4. каго-што, чым. Апаясаць, акружыць, акаймаваць што-н. чым-н.
Шляхі і крыніцы, Нават сны, як зарой, Абвяла чараўніца Васільковай каймой. Танк.
5. што чым. Абнесці, абгарадзіць (плотам, сцяной), абкапаць ровам.
Абвесці сад агароджай.
6. што.
Абчарціць, абмаляваць лініямі, рыскамі.
Абвесці рамкай тэкст.
// Прачарціць па намечаных контурах.
Абвесці ўзор чарнілам.
7. перан.; каго. Ашукаць, абдурыць.
Гэты Грамадка не хлапчук, каб яго можна было абвесці. Хадкевіч.
Абвесці вакол (кругом) пальца — спрытна, хітра ашукаць.
[Прыборны:] — Андрэй усіх гітлераўскіх фельдмаршалаў вакол пальца абвядзе і ў дурнях пакіне. Шамякін.
Абвесці позіркам (поглядам, вачамі) каго-, што-н. — агледзець.
Настаўнік абвёў усіх поглядам і спыніўся на Антоне... Чарот.

Паведаміць пра недакладнасьць