абкруціць, -кручу, -круціш, -круціць; зак., каго-што.
1. Абвіць, абматаць што-н. вакол чаго-н. Аднак я ўсё ж убіў у зямлю адно з нашых, моцных вёсел і некалькі разоў абкруціў вакол яго жалезны ланцуг, прыкаваны да лодкі. Кірэенка.
2. Абматаць, абвязаць што-н. чым-н. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю. Быкаў.
// Загарнуць у што-н., пакрыць, ахінуць чым-н. з усіх бакоў. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі і ўвесь у латках бот. М.Стральцоў.
3. перан. Разм. Абхітраваць. [Салдат:] — Тут справа такая цяпер, што ці мы зямлю возьмем і засеем з восені, ці паны нас абкруцяць... Галавач.
4. Разм. Ажаніць. Замуж Хадору Бацькі выдавалі. З хлопцам чужым У царкве абкруцілі. Корбан.

Паведаміць пра недакладнасьць