абляцець, -лячу, -ляціш, -ляціць; зак.
1. каго-што. Праляцець вакол каго-, чаго-н. Абляцець вакол зямлі.Абляцеў Іван два разы свет на кані гнядой масці і вярнуўся дахаты. Якімовіч.
// Праляцець збоку, мінуўшы каго-, што-н.
2. каго-што. Лётаючы, пабыць у многіх месцах, усюды. Род Забродскіх раскінуўся тут на паўсотні кіламетраў вакол, дык каб нават і на самалёце, то за дзень усіх не абляціш. Кулакоўскі.
// перан. Разм. Хутка абысці, аб'ехаць пэўную прастору, мясцовасць. [Тоўхарт] адразу пабег аглядаць маёнтак ..Нягледзячы на сваю паважнасць, ён вельмі шпарка абляцеў усё. Чорны.
// перан. Хутка распаўсюдзіцца, зрабіцца ўсім вядомым (пра чуткі, ідэі, навіны і пад.). Вестка аб тым, што ў шпіталь прыехаў Ленін, імгненна абляцела ўсе паверхі. П.Ткачоў. Ленінскі запавет абляцеў увесь свет. Прыказка.
3. каго-што. Разм. Праляцець хутчэй за каго-, што-н.; апярэдзіць у палёце.
4. без дап. Апасці, абсыпацца (пра лісце, пялёсткі кветак і пад.). Адлютавалі маразы, Цвет абляцеў духмяны з вішні. Зарыцкі.
// Астацца без лісця, пялёсткаў. Замаркотнелі далі, Абляцелі крушыны, Толькі зерні ўставалі Там, дзе сейбіт іх кінуў. Броўка.
5. без дап. Адваліцца, адпасці. Тынк са сцен абляцеў.

Паведаміць пра недакладнасьць