абы1, злучнік.
1. умоўны. Далучае ўмоўныя даданыя сказы з дапушчальна-абмежавальным адценнем. Ужываецца пераважна ў спалучэнні з часціцай “толькі”. Пасля дажджу бывае ясна, і мокрыя плечы высахнуць адразу, абы толькі замест дажджавых кропель на чалавека не падалі кулі або каменне. Чорны. [Саша] усё будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце. Шамякін.
2. мэтавы. Далучае даданыя сказы са значэннем мэты, якое ўскладняецца абмежавальна-паясняльным адценнем. [Дзямід Сыч:] — Ты зрабіўся вельмі добры, Мікалай Лявонавіч. Ты хочаш прымірыць усіх, абы ціха было. Паслядовіч. Нехта іграе на раялі, барабанячы як папала, абы мацней гуло. Скрыган.
3. часавы. Разм. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу, калі падзеі, пра якія гаворыцца ў галоўнай частцы, пачынаюцца адразу пасля падзей, адзначаных у даданай частцы; адпавядае злучнікам “толькі”, “як толькі”. Абы вольная хвіліна, то яе [Міхаліны] ужо ў хаце няма. Чарнышэвіч. [Юрка Пятровіч:] — Бачыце самі — абы кашляць, дык і ў плач. Брыль.

Паведаміць пра недакладнасьць