1. Які не выяўляе ніякай цікавасці да каго-, чаго-н. [Люба] глядзела ў вочы гэтаму чалавеку, абыякаваму да яе, і нават каб ён пачаў яе абсмейваць, яна б магла выпрошваць у яго рады. Чорны. Адзін толькі Янка заставаўся абыякавым у дачыненні рыбы: ён не пазнаў яшчэ асалоды ў лоўлі сеткаю-таптухаю. Колас.
// Раўнадушны да навакольнага наогул. [Мікола Пышко:] — Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе. Грахоўскі. Ні ён сам пра сябе, ні другія пра яго не маглі і не могуць сказаць, што чалавек ён абыякавы, марудны, раўнадушны. Нельга так сказаць пра Андрэя Сцяпанавіча Лазарэку. Бялевіч.
// Які выяўляе раўнадушнасць. Абыякавы выгляд. Абыякавы тон. □ Чакалі наступнага дня. Некаторыя з трывогай, — што будзе? Другія з абыякавым настроем: што будзе, то будзе. Галавач.
2. Які не выклікае да сябе цікавасці. І ўсё стала абыякава для.. [Сашы], нішто яе больш не цікавіла, не магло запаліць. Шамякін.
Паведаміць пра недакладнасьць