аглушыць, аглушу, аглушыш, аглушыць; зак., каго-што.
1. Моцным гукам, шумам часова пазбавіць здольнасці чуць. Асляпіў горад сваім святлом, аглушыў грукатам, здзівіў сваёй прыгажосцю. Каваль. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Чорны.
// перан. Напоўніць аглушальнымі гукамі (паветра, прастору). Калі, бывала, грому ўдары аглушаць ціхае сяло, на фоне цёмна-сіняй хмары мільгае белае крыло. Вялюгін.
2. Разм. Моцна ўдарыць па галаве; ударам давесці да непрытомнасці. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў.
// перан. Чым-н. нечаканым моцна ўразіць, ашаламіць. Не сказаць, каб Сымона Чуйку вельмі аглушыла навіна, што ягонага Рыгора няма на лесапільні ўжо можа больш за тры гады. Чорны. Гітлераўцы разлічвалі, што начное забойства страшэнна ўразіць людзей, аглушыць іх. Шамякін.
3. перан. Разм. Выпіць вялікую дозу чаго-н. (гарэлкі, спірту). [Міхась] выняў з кішэні портак паўлітроўку. — Поўненькая. З чырвонай галоўкай. Адну такую, Вася, сам аглушыў. Брыль.

Паведаміць пра недакладнасьць