агнявы, -ая, -ое.
1. Які мае дачыненне да агню. Агнявыя ўспышкі.Густое воблака дыму, апярэдзіўшы агнявую лавіну і цяжка пераплыўшы па прыгнутых калоссях, раптам накіравалася да лесу. Кулакоўскі. Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору. Колас.
2. Які мае колер агню; ярка-чырвоны. І песня, і людзі, і агнявыя пад сонцам грывы коней — усё ляцела бурай-віхурай уперад ды ўперад. Лынькоў. Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны — Гэта хмаркі ладзяць сонцу І дзяньку кароны. Колас.
3. перан. Які выпраменьвае яркае святло; бліскучы. Свеціць ласкай з высі агнявое сонца, Хараства красою свет ўвесь адзяе... Гурло.
4. перан. Палымяны, гарачы, парывісты. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў.. [Лабановіча] шчасцем. Колас. У век наш крытыкі сур'ёзнай І самакрытык агнявых Мы падыходзім вельмі грозна Не да сябе, а да другіх. Купала.
// Напоўнены напружанай барацьбой, бурнымі падзеямі. Паэт [Дудар] не можа без захаплення, без гордасці гаварыць аб “агнявой нашай эры”. Ярош.
5. Звязаны з абстрэлам, стральбой. Яшчэ агнявы налёт артылерыі не скончыўся, як былі заўважаны танкі. Гурскі.
Агнявая заслона гл. заслона. Агнявая кропка гл. кропка. Агнявая пазіцыя гл. пазіцыя (у 2 знач.). Агнявы рубеж гл. рубеж. Агнявыя сродкі гл. сродак.

Паведаміць пра недакладнасьць