агонь, агню, м.
1. Распаленыя газы, якія вылучаюцца пры гарэнні і ярка свецяцца; полымя. Уся станцыя гарэла, і дождж, хоць і быў моцны, аднак не меў сілы заліць гэтае мора агню. Шамякін. Агонь весела пабег ад снапа да снапа, салома затрашчала. Якімовіч.
2. Падпаленая куча дроў, галля, ламачча і пад.; вогнішча. Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў.
3. Святло ад асвятляльных прыстасаванняў; светлавая кропка. У куткавым пакоі ў Няслаўскіх гарэў агонь, хоць на вуліцы яшчэ добра відно было. Мурашка. У хаце гарбатага краўца Лапінкі снедалі пры агні. Брыль.
// перан. Бляск у вачах ад узбуджэння, страсці. Цёмныя вочы Дакутовіча свяціліся такім агнём, што Жэня зразумеў: яго сябра ведае нейкую надзвычайную таямніцу. Шчарбатаў.
4. перан. Палымянасць, жвавасць, душэўны ўздым. Яе, крылатую, цаню, Яна вялікай славы варта, Крыніца творчага агню — Загартаваная упартасць. Хведаровіч. Твар.. [Себастыяна] быў халодны. Цеплыня і агонь гарэлі ў ім у глыбіні. Чорны. Навошта кветкі? У сэрцы Без іх агню хапае. Калачынскі.
// Пра быстрага і бойкага чалавека. — Слаўная ў Булыгі наймічка, да чаго ж спрытная і ваяўнічая! Агонь! Такой, браце, пальца ў рот не кладзі... — сказаў адзін з парабкоў. Бажко. Сумеўся Богут з неспадзевы, Нагладзіў вус, пачухаў скронь — Ого, якія яе [Марыны] спевы! Ох, не кабеціна— агонь! Колас. Як што робіць — агонь, а як што зробіць — у агонь. Прымаўка.
5. Ружэйная, артылерыйская стральба. Адкрыць агонь. Весці агонь. Прыцэльны, беспрыцэльны агонь.Нашай групе трэба было адцягнуць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці.. наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць на штурм. Карпюк.
// Ваенная каманда. — Агонь па ворагу! — камандую я, яшчэ зусім не ведаючы, якое выбраць рашэнне. Якімовіч.
Адамаў агонь — павышэнне тэмпературы ў час хваробы. Антонаў агонь — заражэнне крыві, гангрэна. Беглы агонь — часты артылерыйскі агонь, які вядзецца самастойна кожнай гарматай. Бенгальскі агонь — яркае белае ці каляровае полымя, якое ўтвараецца пры гарэнні спецыяльнага саставу (з берталетавай солі, серы і інш.), а таксама сам феерверачны агонь. Блукаючыя агні — блакітныя языкі полымя, што паяўляюцца ноччу на балоце ў выніку згарання газу метану, які вылучаецца пры гніенні. Вечны агонь — агонь, які пастаянна гарыць каля помнікаў, магіл загінуўшых герояў як сімвал бяссмерця іх славы. Кінжальны агонь — агонь гармат, кулямётаў, які адкрываецца раптоўна на блізкай адлегласці. Лінія агню — рубеж на пярэднім краі, з якога вядзецца стральба па праціўніку. Праметэеў агонь — нязгаснае ўнутранае імкненне да дасягнення высокіх мэт, да шчасця ўсіх людзей. Сустрэчны агонь — агонь, які вядзецца ў адказ на агонь праціўніка. Шквальны агонь — інтэнсіўны, масіраваны агонь.
Агнём і мячом — з бязлітаснай жорсткасцю. Агонь яго ведае — невядома. Баяцца як агню гл. баяцца. Гарэць (сінім) агнём гл. гарэць. (Днём) з агнём не знойдзеш гл. знайсці. Жартаваць (гуляць) з агнём гл. жартаваць. Жыць як агонь з вадою гл. жыць. З агню ды ў полымя — з адной непрыемнасці ў другую, яшчэ большую. (Круціцца) як скурат на агні гл. скурат. Падліць масла ў агонь гл. падліць. Пайсці агнём гл. пайсці. Паміж двух агнёў — пра становішча, калі небяспека пагражае з двух бакоў. Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці. Пусціць з агнём гл. пусціць. У агонь і ваду (кінуцца, пайсці) — пра гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля каго-, чаго-н. Як агню ўхапіўшы — вельмі хутка.

Паведаміць пра недакладнасьць