агульны, -ая, -ае.
1. Які ажыццяўляецца ўсімі, у якім усе ўдзельнічаюць. Агульная справа.— Хлопцы, дзяўчаты, давайце танцаваць! Агульныя танцы! — камандаваў Андрэй. Дуброўскі.
2. Які належыць усім (пэўнай групе, калектыву) ; калектыўны. Дубейка пахадзіў па парабках, гаворачы, што трэба заводзіць агульную гаспадарку. Скрыган. Калгасны свіран, ну, як сонца, Святлее беллю сваіх сцен. А паглядзіце на гумёнца — Прад ім старыя гумны — тлен. Прасторна, светла ў ім, утульна. Зірнеш — каўказская гара. А колькі зложана дабра. То — ўсё калгасны скарб агульны. Колас.
// Прызначаны для сумеснага карыстання. Агульная кухня.Было некалькі агульных пакояў, дзе ў вольны час заўсёды шмат збіралася людзей. Чорны.
3. Які аб'ядноўвае ўсіх у якую-н. групу, калектыў; сабраны ў адно цэлае. Агульны сход. Агульны збор.
4. Аднолькавы, уласцівы каму-н. адначасова з іншым (іншымі); той самы для аднаго і другога (другіх). Агульная задача. Агульная мэта.Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным. Колас. Доўга яшчэ не спалі ў зямлянцы, успаміналі даваенныя дні, колішнія сустрэчы, агульных знаёмых. Лынькоў. У Данусі і ў радысткі я знаходзіў штосьці агульнае. Карпюк. Розніца эпахальная! Але пры гэтай гістарычнай розніцы агульным паміж паэтамі [Міцкевічам і Купалам] было тое, што яны жылі інтарэсамі народа. Палітыка.
/ у знач. наз. агульнае, -ага, н. Шмат агульнага маюць яны [навелы] з фальклорнымі казкамі. Казека.
5. Які ахоплівае ўсіх і ўсё, пашыраецца на ўсіх і на ўсё навокал. Агульнае правіла. Агульныя недахопы.Так, бяда наша агульная, і выбрацца з яе нялёгка, — загаварыў адзін камандзір. Новікаў. Да агульнага страху за хлопцаў і да гордасці імі ўпляталася., няўпэўненасць у тым, што і цяпер у іх нешта выйдзе. Брыль.
// Які распаўсюджваецца на ўвесь арганізм. Агульная паўза сэрца.
6. Які не мае спецыяльнага прызначэння. Агульны вагон. Агульны стол. Агульная адукацыя.— Нічога, — сказала маці. — Пабудзе ў ізалятары дзень, а потым у агульны цялятнік пусцім [цялушку]. Яна ж амаль здаровая ўжо. Даніленка.
7. Увесь, у поўным аб'ёме, сукупны. Агульны аб'ём вытворчасці. Агульная плошча пасеваў.Гэта быў напрамак галоўнага ўдару. Ад удачы тут залежаў агульны поспех аперацыі. Шамякін.
8. Які датычыцца асноў чаго-н. Агульны курс матэматыкі.
9. Які ўспрымаецца ў цэлым, без уліку дэталей, дробязей. Агульнае ўражанне. Агульны ход падзей. Агульны план экспедыцыі.Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма. Чорны.
// Галоўны, вызначальны, асноўны. Агульная накіраванасць твора. Агульны напрамак дзейнасці.
10. Схематычны, павярхоўны, неканкрэтны. Агульныя распараджэнні. Агульныя апісанні.Надзя суцяшала як магла, але сама адчувала, што ўсе гэтыя суцяшэнні, супакаенні былі такімі агульнымі, такімі ўмоўнымі, што яна і сама ў іх не верыла. Лынькоў.
Агульны рынак гл. рынак.
Агульнае месца гл. месца. (Знайсці) агульную мову гл. мова. Прывесці да агульнага назоўніка гл. прывесці. У агульных рысах гл. рыса.

Паведаміць пра недакладнасьць