адбіцца, адаб'юся, адаб'ешся, адаб'ецца; адаб'ёмся, адаб'яцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адкалоцца, адламацца. Ад кубка адбілася ручка.
2. Даючы адпор, абараніцца ад нападу, ад чыіх-н. непрыязных, варожых дзеянняў. Неспакой узрастаў. Чорт яго ведае, ісці ці не?.. Падумаў: “Калі правакацыя, адаб'юся. Не так проста ўзяць Талая”. Асіпенка.
// Абараніцца, вызваліцца. Не паспеў адбіцца ад адной [пчалы], як зараз жа цэлая плойма густой сеткай замільгацела ў вачах. Дуброўскі.
// Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго-н. Нельга адбіцца ад думкі, што гэтыя дзве хаты, нібы тыя заядлыя маладзіцы-суседкі, пасварыліся і паадварочваліся адна ад адной. Сабаленка.
3. Адстаць ад тых, з кім быў разам. Гэта было маленькае дзікае качанятка, якое, відаць, адбілася ад чародкі. Краўчанка. [Эміль Клебер] не мог нікога знайсці з сваіх таварышаў. Ён ведаў, што некаторыя з іх забітыя тут дзесьці ляжаць. А жывыя напэўна адышлі кудысьці, і ён адбіўся ад іх. Чорны.
4. Аддаліцца, парваць сувязь з кім-, чым-н. Адбіцца ад дому.
// Перастаць рабіць што-н., займацца чым-н. Няма яму [Міхалу] нядзелькі, свята — Ідзе ды йдзе ён, як закляты; У шчэпку высах з той хады, Ад сну адбіўся, ад яды. Колас.
5. Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамені і пад.). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал. Маўр.
6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні. Да берага Нёмана прарваўся першы бранявік. Нават нахабна адбіўся ў спакойнай.. вадзе. Брыль.
// перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях (пра з'явы аб'ектыўнай рэальнасці) .
7. Выявіцца, атрымаць вонкавае праяўленне (пра пачуцці, стан і пад.). Трывога адбілася ў .. [Аксені] на твары, і рукі ўжо неяк неахвотна гарнуліся да працы. Пестрак.
8. Выклікаць сабой якое-н. пачуццё, адчуванне; адазвацца. Потым надыдзе зіма, прыйдзе вясна, вернецца лета і зноў настане восень, залатая і непаўторная, зменяцца далягляды і адаб'юцца навек у душы чалавека. “Маладосць”.
9. Зрабіць уплыў, уздзеянне на каго-, што-н. Частыя ўзлёты і падзенні адбіліся на здароўі.. Скашынскага. Чарнышэвіч. Адмоўна адбілася на развіцці байкі і іншых сатырычных жанраў блытаніна, якая яшчэ не так даўно мела месца ў поглядах на сатыру. Казека.
10. Астацца пасля каго-, чаго-н., пакінуць адбітак. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага. В.Вольскі.
// перан. Захавацца ў памяці.
Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, перастаць падпарадкоўвацца.

Паведаміць пра недакладнасьць