адваліць, -валю, -валіш, -валіць; зак.
1. што. Адвярнуць што-н. цяжкае ад чаго-н., што было прывалена ім ці перашкаджала чаму-н. Адваліць каменную глыбу.
// Зняць завалу ў дзвярах, варотах. Прытрымліваючы рукою крысы кажуха, да брамы падышоў гаспадар, не спяшаючыся адваліў завалу і адчыніў веснічкі. Пальчэўскі.
2. што. Аддзяліць, выдзеліць, адрэзаць каму-н. значную частку чаго-н. Адваліць лусту хлеба.
/ у іран. ужыв. Выхапіў.. [начальнік] з рук Паранькі паперы і, як бы для адчэпнага, піша — выдаць два рулоны. Во, колькі адваліў! Ракітны.
3. ад чаго і без дап. Адысці, адплысці, адляцець (пра судна, самалёт і пад.). Параход плаўна адваліў ад прыстані. Даніленка. Нарэшце пікіроўшчыкі адвалілі. Я думаў, што на палянцы сапраўды не асталося нічога жывога. Сабаленка.
// Адысці, паменшаць колькасна, разысціся. У паўзе, калі пакупнікі адвалілі, Аксана разгарнула ілюстраваны часопіс. Шамякін.

Паведаміць пра недакладнасьць