1. Адказаць на зварот; адазвацца. — А хто не згаджаецца з гэткаю пастановаю? — запытаў старшыня. — Я!.. — адгукнуўся адзін толькі Габрусь. Чарот. — Габрынька! — Зараз, татка! — адгукнуўся ў глыбі дома звонкі дзявочы галасок. Колас.
// Прагучаць, падаць голас у адказ на што-н. Дзесьці ў канцы вёскі хрыпла заспяваў певень. Яму адгукнуўся другі, трэці. Шамякін. Вясна гукнула, павяла, І адгукнулася дарога. Пысін.
2. перан. Адазвацца якім-н. чынам на якую-н. з'яву, падзею, выказаць свае адносіны да яе. [Якаў Гіс:] — Мы [рабочыя] павінны адгукнуцца на гэты замах палачоў рашучым выступленнем — забастоўкаю. Гартны.
// Паставіцца спачувальна да чаго-н., падтрымаць. На шырокай плошчы перад вакзалам ішоў мітынг у гонар будаўнікоў-добраахвотнікаў, якія першымі адгукнуліся на заклік камсамола. Асіпенка.
3. перан. Выклікаць якое-н. пачуццё, адчуванне ў каго-н. Адна акалічнасць балюча адгукнулася ў Аўгініным сэрцы: у Вепрах хадзілі ўпартыя чуткі, што арышт Мартына Рыля стаіць у простай залежнасці ад даносу Васіля Бусыгі. Колас. Хай жа песня ўсюды льецца, У сэрцах вашых адгукнецца. Купала.
4. перан. Адбіцца на кім-, чым-н., зрабіць уплыў. Памыліўся ты, і твая памылка рэхам адгукнецца ва ўсім калгасе. Дуброўскі.
Паведаміць пра недакладнасьць