1. каму, на што і без дап. Сказаць, паведаміць што-н. у адказ на зварот ці запытанне. Адказаць на пытанне. □ Ну, куды пойдзем? — запытала Зося. — Вядома, што да Ліня, — адказала Гэля. Гартны.
// Паслаць адказ на чыё-н. пісьмо. [Бабуля:] — Ужо мінула два месяцы, а мой [сын] яшчэ не адказаў на пісьмо. Бядуля.
// што. Расказаць настаўніку ўрок.
2. без дап. Адазвацца, адклікнуцца на голас, покліч і пад. Выйшаў з хаты пастушок, І зайграў ён у ражок.. І кароўкі ўміг яму Адказалі: “Му-му-му!..” Журба. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела і моцна адказаў.. па-нямецку. Брыль.
3. чым. Павесці сябе пэўным чынам, выказваючы свае адносіны да чаго-н.; ужыць якія-н. захады, дзеянне ў адказ на што-н. На жарты адказаць жартамі. □ І сумаваць яшчэ так рана.., Калі на шум лясны ў тумане Умееш песняй адказаць. Танк. Не адказалі [ворагі] ніводным стрэлам: агонь наш быў трапны. Янкоўскі.
4. за што і без дап. Быць пакараным, панесці адказнасць за каго-, што-н. [Каршукоў:] — Ну, ды мне што. Я за сваё адкажу, не баючыся. Ядзі шкада. Сідаронак ёй не даруе. Асіпенка.
5. без. дап. Разм. Выйсці са строю, сапсавацца. Тармазы ў машыне адказалі.
Паведаміць пра недакладнасьць