адкінуць, -ну, -неш, -не; зак., каго-што.
1. Кінуўшы, перамясціць убок, назад, наперад. [Карп] папляваў у далоні, глыбока капнуў рыдлёўкай старое вогнішча, адкінуў зямлю ўбок. Шамякін.
// Рэзка, з сілай адштурхнуць, адвесці ад сябе каго-, што-н. [Лёдзя] адкінула Яўгенавы рукі, усхапілася і адышла ад акна. Карпаў.
/ у безас. ужыв. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад. Гамолка.
// перан. Вярнуць да пройдзенай стадыі ў развіцці чаго-н. А вайна ўсё адкінула назад, сям'ю па свеце раскідала. Кавалёў.
2. Атакаваўшы, прымусіць адступіць. Натхнёныя першай удачай, танкісты Анішчанкі кінуліся ў атаку і пасля кароткага жорсткага бою адкінулі ворага. Гурскі.
3. Не прыняць чаго-н., адмовіцца ад чаго-н. Ці ж кепска ў свой мізэрны бюджэт уключыць якіх рублёў пятнаццаць за скуру ліса.. Хто ж адкіне гэта? Шынклер. [Стафанковіч унуку:] — Я табе прынясу, .. падарую, рабі, што сабе хочаш, такія рэчы, што ніхто не адкіне. Чорны.
// перан. Вызваліцца, адмовіцца ад якіх-н. прывычак, думак, пачуццяў і пад. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі. Карпюк. Перш за ўсё, як зусім Непатрэбную рэч, Жаль, што сэрца сціскаў мне, Адкінуў я прэч. Куляшоў.
4. Адвесці ўбок ці апусціць уніз што-н., замацаванае адным краем. Хвошч адамкнуў куфэрак, адкінуў вечка і задаволена пацёр твар абедзвюма рукамі. Лупсякоў.
// Рэзкім рухам адвярнуць, адагнуць край чаго-н., што звісае, пакрывае. Адкінуць з грудзей коўдру.Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка.
// Адвесці назад, убок; закінуць (галаву, руку, нагу). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той тру-гу-гу. Колас.
5. Зменшыць на пэўную колькасць пры адыманні; адняць. Адкінуць сем ад пятнаццаці.
// Не прыняць пад увагу пры лічэнні, ацэнцы каго-, чаго-н. Улічыць галоўнае, адкінуць выпадковае.
6. Вярнуць чужое (знойдзенае, украдзенае і пад.); падкінуць.
7. безас. Вярнуцца (пра хваробу). Ён быў прастудзіўся, не вылежаў, пайшоў рамантаваць свой грузавік, і яго адкінула зноў. “Работніца і сялянка”.
8. Адбіць, стварыць (цень, водсвет і пад.). Электрычнае святло адкінула роўны водсвет на людскія твары. У стэпе, залітым месячным святлом, курган адкінуў густы цень.
Адкінуць хвост (ногі, капыты) — захварэць, памерці.

Паведаміць пра недакладнасьць