адмовіцца, -моўлюся, -мовішся, -мовіцца; заг. адмоўся; зак.
1. Не згадзіцца рабіць што-н.; выказаць сваю нязгоду займацца чым-н. Пасля сканчэння акадэміі Зіну і Ніну хацелі пакінуць у аспірантуры, але яны катэгарычна адмовіліся. Гурскі. Дзед Талаш і Нупрэй мелі ўсе падставы адмовіцца на сённяшні дзень ад разведкі мястэчка. Колас.
// Не прыняць чаго-н., адхіліць. Адмовіцца ад падарунка.[Дзед:] — А пра вас, малых, дык і гаварыць няма чаго, — ад салодкага вы ніколі не адмовіцеся. Рылько.
2. Парваць сувязі з роднымі, блізкімі; адрачыся. Але Паддубны не можа адмовіцца ад Ганны, адштурхнуць яе ад сябе, нанесці цяжкую рану гэтаму блізкаму і дарагому чалавеку. Хромчанка.
3. Не прызнаць за сваё, не пацвердзіць чаго-н. Адмовіцца ад сваіх абяцанняў. Адмовіцца ад подпісу.
// Перастаць трымацца чаго-н.; адступіцца ад чаго-н. Адмовіцца ад веры. Адмовіцца ад сваіх поглядаў.

Паведаміць пра недакладнасьць