адно.
1. ліч. гл. адзін.
2. часціца абмежавальная. Разм. Толькі, выключна; больш нічога. [Андрэй] адно хмурыць твар і злосна страсае на лоб кучму бязладных сваіх валасоў. Зарэцкі. [Стары:] — Гаварыць можна адно тады, калі добра ведаеш чалавека. Бажко. Шпакі каля дарогі цэлы дзень адно крычаць. Колас.
/ У спалучэнні з словам “што”. Зянон Ляпіч.. адно што дапытваў — катаваў сябе: чаму правароніў момант, калі немцы набліжаліся да вёскі? М.Ткачоў.
3. часціца ўзмацняльная (часта ў спалучэнні з часціцай “ж”). Разм. Узмацняе момант нечаканасці, раптоўнасці наступлення дзеяння. Бачу — адно ж зноў паваліў снег. Гляджу — адно ж едуць госці.
4. злучнік супраціўны. Разм. Злучае члены сказа і сказы з адносінамі неадпаведнасці (звычайна ў спалучэнні са словамі “што”, “толькі”). Па свайму значэнню адпавядае злучнікам “толькі”, “аднак”. [Андрэй] жыў там некалькі дзён, а цяпер перабраўся на кватэру, вельмі добрую, адно што цесную. Чорны. Наталя не перамянілася, адно толькі, што папаўнела. Скрыган.
/ У спалучэнні з часціцай “ж”. [Цёця Каця:] Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландзінка. Крапіва.
5. злучнік далучальны. Разм. Далучае сказы, якія дапаўняюць або ўдакладняюць выказаныя раней думкі. Навакол былі лясы, кары хапала, адно еш на здароўе. Чорны. У вайну.. [Полацк] быў дашчэнту разбуран нямецка-фашысцкімі захопнікамі, адно ляжалі горы руін, тырчалі абломкі сцен. Хадкевіч.

Паведаміць пра недакладнасьць