адолець, -ею, -ееш, -ее; зак., каго-што.
1. Перамагчы ў барацьбе; асіліць. — Добра! — прамовіў генерал-палкоўнік. — Гэта па-гвардзейску. Сябе выратаваў і ворага адолеў. Мележ.
// Вынесці ўсе цяжкасці, пераадолець перашкоды. [Бобрык:] — Калі чалавек ведае, што ідзе да вялікай мэты, то якая б ні была цяжкая дарога, ён не спыніцца, адолее ўсё. Дуброўскі.
2. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія-н. жаданні, пачуцці і пад. [Алёшын:] Не маю сіл адолець я сумненні. Бачыла. [Аксіння] адолела, як магла, хваляванне, пачала развязваць клунак. Мележ. Атрымалася суха, ніяк не магла адолець [Вера] стомленасць і адчуванне страшнай адзіноты. Мікуліч.
// Авалодаць усёй істотай (пра жаданні, пачуцці і пад.). Цела адразу адолела салодкая знямога. Быкаў. Клопаты зноў адолелі Андрэя. Шахавец.
3. Справіцца з чым-н., асіліць якую-н. справу. — Давай, Міцечка, пілу, — сказаў тата, паставіўшы ў снег сякеру, — адолеем гэта дрэва, ды пойдзем і мы дахаты на гарачую бульбу. Пальчэўскі.
// Перамогшы цяжкасці ў вывучэнні, авалодаць, засвоіць. Адолець латынь.Тое, што за адзін год Міця адолеў два класы, параўняўшыся з Сюзанай, адбылося зноў жа не без яе дапамогі, хоць яна аб гэтым не ведае. Навуменка. [Змітрок:] Я цяпер столькі кніг па электрычнасці прывёз з горада, што змагу трымаць [экзамен] за інстытут, калі ўсе іх адолею. Губарэвіч.
// Рухаючыся, прайсці, пераадолець які-н. цяжкі шлях. Прысталі коні — хоць ты плач, Як гэты шлях адолець! Смагаровіч.
// Разм. З цяжкасцю з'есці, выпіць што-н. (звычайна аб вялікай колькасці). Адолець кацялок кашы.
4. Разм. Дакучаючы, пазбавіць спакою; замучыць. [Мікола:] — Як жа гэта выйшла, што калгасніцу куры і козы адолелі? Скрыпка.

Паведаміць пра недакладнасьць