1. Аддаліцца ад каго-, чаго-н. хутка, скокам.
[Хлопцы] рынуліся да труса, але з страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так укусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела. Маўр. Як толькі.. [Турсевіч] адышоўся. Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў. Колас.
// перан. Размясціцца ў аддаленні. Ніводнага гуку ні на прыстані, ні на вёсцы, што адскочыла ў поле ад стромкага берага. Ракітны.
2. Ударыўшыся, стукнуўшыся аб што-н., адляцець у процілеглым напрамку ці ўбок.
Я падняў нават кій, намерваючыся запусціць ім у жалезную бочку.., але ў апошнюю хвіліну стрымаўся, бо пабаяўся, што адскочыць кій ад бочкі і яшчэ трапіць каму-небудзь у галаву. Карпюк.
3. Разм. Пачаць расці, адрасці.
Пад яловаю лапай з сонечнага боку адскочыў кусцік зялёнай, па-вясноваму свежай травы. Лужанін.
4. Аддзяліцца, адарвацца, адляцець.
На дзвярах вісеў замок. Даміра пакратаў за дужку, яна адскочыла. Асіпенка. [Дзераш] разы чатыры ўдарыў.., потым падважыў пешняй. І цэлая ёмкая і важкая скіба гліны адскочыла. Шынклер.
5. Разм. Адлучыцца на кароткі час.
[Вэня:] — Пакуль ты будзеш гэтым займацца [калоць свіней], я пехатой адскочу на хутары, прыгавару пару япрукоў. Чорны.
◊ Недалёка адскочыць — быць амаль аднолькавым з кім-н. у чым-н.
Паведаміць пра недакладнасьць