адставіць, -стаўлю, -ставіш, -ставіць; зак.
1. што. Пераставіць, адсунуць убок. Выпілі да дна, толькі старая, ледзь паспытаўшы, адставіла чарку ўбок. Броўка.
// Адвесці ўбок, выставіць (руку, нагу, губы і пад.). [Іван Іванавіч] крочыў спераду, моцна адставіўшы адну руку, і цягнуў каляску. Карпюк. Жвір адставіў нагу і затупаў наском туфля па падлозе. Адамчык. Тодар аж губы адставіў, і вусы яго светлыя натапырыліся ад здзіўлення. Крапіва.
2. перан.; каго. Вызваліць ад выканання якіх-н. абавязкаў; пазбавіць магчымасці займацца якой-н. справай. І хоць Костуся ад працы ў сельсавеце і адставілі, але і ён прыйшоў. Чорны.
3. што і без дап. Каманда для адмены папярэдняй каманды, для спынення якіх-н. дзеянняў. [Урач:] — Сёння ўначы адыходзіць караван, трэба будзе неадкладна паведаміць амерыканцам... — Адставіць! — сціснуўшы кулакі, прашаптала Галіна Пятроўна. Шамякін.

Паведаміць пра недакладнасьць