адстаць, -стану, -станеш, -стане; зак.
1. Рухаючыся павальней за іншых або затрымаўшыся, апынуцца ззаду. Дзед Цярэшка адстаў і пайшоў следам. Грахоўскі. Тацяна амаль што бегла, каб не адстаць ад .. [Лясніцкага]. Шамякін.
// Выйшаўшы ў дарозе з цягніка, машыны і пад., не паспець сесці назад, не паехаць. Баючыся адстаць ад цягніка, некаторыя жанкі выйшлі на платформу, падзівіліся на вакзал. Васілевіч.
2. Апынуцца ззаду, не паспець за другімі ў выкананні якога-н. плана, задання ў выніку маруднай або дрэннай працы. У .. [Юркі] зноў была запазычанасць па англійскай мове, і ён, пакуль ліквідаваў яе, адстаў ад хлопцаў. Карпаў.
// з адмоўем “не”. Старацца рабіць не горш за іншых. [Канапелька:] — А наконт сенажаці справа ясная — пойдзе Арцём, дык і я не адстану. Бажко.
3. Не дасягнуць патрэбнага ўзроўню ў выніку замаруджанага развіцця. Адстаць у развіцці. Вытворчасць адстае ад попыту.Мы, што жылі пад уладай паноў, на цэлых дваццаць год адсталі ад нашай радзімы. Брыль.
4. У выніку запаволенага ходу паказваць больш ранні час, чым папраўдзе (пра гадзіннік). Гадзіннік адстае на пяць мінут.
5. Аддзяліцца ад чаго-н.; перастаць шчыльна прылягаць да чаго-н.; адысці. [Жанчына:]— Я ўжо не помню, куды.. [Пеця] тады хадзіў, толькі ў дарозе ў яго ад ботаў адсталі падэшвы. Сіняўскі.
6. Перастаць дакучаць, назаляць каму-н.; адчапіцца. Маці, каб хутчэй я адстаў, сказала: — Ведаць усё будзеш — без пары састарэеш. Сачанка. Дойдуць, урэшце, да жытла, абагрэюцца, паядуць гарачае бульбачкі, і ўся хвароба адстане. Быкаў.
Ад рук і ног адстаць — аб крайняй ступені зморанасці.

Паведаміць пра недакладнасьць