1. Ступіўшы назад, убок, аддаліцца, адысці ад каго-, чаго-н. Сяўрук ужо адступіў крыху назад, бо нехта, мусіць знячэўку, разоў два сыпануў яму на ногі мокрай, напалам з глеем зямлі. Кулакоўскі. — Кр-рам-нёў? — усклікнуў Алік і адступіў на крок назад, нібы хацеў лепш разгледзець хлопца. Шашкоў.
// перан. Стаць больш аддаленым ад чаго-н., адсунуцца. Паплылі сіняватыя дымкі, весела затрашчала, разгараючыся, сучча. Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі.
// перан. Стаць менш важным, менш значным. Адступіць на задні план.
2. Адысці назад пад націскам праціўніка, пакінуўшы свае ранейшыя пазіцыі. Чые гарматы страляюць, .. [Пракоп] не ведаў, але цяпер ён быў упэўнены, што нашы не адступілі. Якімовіч.
3. перан. Адмовіцца ад сваіх намераў, задум; спасаваць. Тыя ж людзі, што зрабілі.. [шлях], праявіўшы ў працы сапраўдны подзвіг, у другой справе здаліся, адступілі перад значна меншым і цяпер, выходзіць, смяяліся самі з сябе. Ракітны. Я ўжо рашыў дазволіць.. [жанчыне] спатканне, але нешта ўтрымлівала мяне сказаць ёй пра гэта адразу, адразу адступіць перад ёю. Васілевіч.
4. перан. Перастаць прытрымлівацца чаго-н.; парушыць што-н. прынятае, устаноўленае. Адступіць ад жыццёвай праўды. Адступіць ад плана.
5. Разм. Паменшыцца; адлегчы; спасці. Нарэшце мароз адступіў — сад дацвітаў. Васілевіч.
6. Пішучы, друкуючы, пакінуць месца ад краю ліста. Адступіць на 2 сантыметры ад краю.
Паведаміць пра недакладнасьць