азёрны, -ая, -ае. Які мае дачыненне да возера. Азёрная затока. Азёрны басейн. Азёрная вада.Праз азёрны прасцяг Прывандруюць крылатыя [гусі-лебедзі] Па шляхах, па агнях, Над ляснымі Дрысвятамі. Лужанін.
// Які жыве ў возеры. Калі Лемяшэвіч падчапіў першага невялічкага шчупачка, белага, прыгожага, не падобнага да сваіх чорных азёрных братоў, Аляксей бег паглядзець на яго метраў за дзвесце. Шамякін.
// Які прызначаны для плавання па возеры. Азёрны флот. Азёрнае судна. Азёрная лайба.
// Багаты на азёры. Нарачанскі азёрны край. Браслаўшчына і Полаччына — азёрны куток Беларусі.У азёрным краі, дзе багністыя мелі І пясчаныя берагі, жыла сям'я кулікоў. П.Ткачоў.

Паведаміць пра недакладнасьць