аркуш, -а, м. Стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і пад. Аркуш ватмана, кардону.Пракоп раздаў аркушы паперы ў косую лінейку, агрызак хімічнага алоўка. Грахоўскі. Ля сцяны стаяў вялікі аркуш фанеры. Лупсякоў. [Собіч] браў то адны карткі, то другія, запісваў на аркушах паперы лічбы, паціскаў плячыма, дзівіўся. Скрыган. Аўгіння пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй велізарным жытнім полем, якога яна не здолее зжаць. Бядуля.
Аўтарскі аркуш — адзінка вымярэння аб'ёму літаратурнага твора, роўная 40 000 друкарскіх знакаў. Друкаваны аркуш — шаснаццаць старонак друкаванага тэксту як адзінка вымярэння аб'ёму кнігі.
[Польск, arkusz з лац. arcus — дуга.]

Паведаміць пра недакладнасьць