1. Частка прадмета, на якой замацоўваюцца астатнія яго часткі; каркас, касцяк. Хлопцы.. прынеслі з лесу дзве расохі і ўбілі іх у зямлю. Наверсе паклалі перакладзіну, і аснова шалашыка была гатова. Чарнышэвіч. Рухаюцца ўперад асновы будучых машын на галоўным канвееры, абрастаючы ўсё новымі вузламі і дэталямі. Данілевіч.
2. Грунт ці штучнае збудаванне, на якім трымаецца, знаходзіцца што-н.; падмурак. Аснова вежы.
// Ніжняя плоскасць, якой прадмет, збудаванне датыкаецца да паверхні чаго-н.
// Ніжняя частка якога-н. прадмета ці збудавання. Стог у аснове меў каля пяці метраў. □ Дваццатага чэрвеня мы ўжо змаглі прыступіць да падрыхтоўкі бетоннай асновы, а ў верасні распачалі ўкладку бетона. “Полымя”.
3. перан. Тое. што складае ядро чаго-н., з'яўляецца зыходным матэрыялам для ўтварэння, стварэння чаго-н.; узор, пачатак. Народная аснова літаратурнай мовы. □ Мы бачылі, што Маркс у 1845 годзе, Энгельс у 1888 і 1892 гг. уводзяць крытэрый практыкі ў аснову тэорыі пазнання матэрыялізму. Ленін. У аснову паэмы “Магіла льва” пакладзена народная легенда пра Машэку. Шкраба. Мы песні сваёй Палажылі ў аснову І чыстую праўду, І чыстую мову. Лужанін.
// Тое галоўнае, на чым грунтуецца, будуецца што-н. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут, І там зажыць сабе нанова: Свая зямля — вось што аснова! Колас.
// звычайна мн. (асновы, -ноў). Пачаткі, прынцыпы (пра лад, сістэму і пад.). Хістаўся стары лад у самых асновах сваіх, у муках болю нараджаўся другі, новы парадак. Колас. І рушыць ён [час] і рве асновы ўсе старыя, Дрыжыць прад сілай той і цемра і туман. Гурло.
4. звычайна мн. (асновы, -ноў). Зыходныя, галоўныя палажэнні якой-н. навукі, тэорыі і пад. Асновы агратэхнікі. Тэарэтычныя асновы марксізма-ленінізма. Эстэтычныя асновы паэзіі. Асновы навукова-атэістычнага светапогляду. Фізіялагічныя асновы чалавечай псіхікі. Асновы мічурынскага вучэння.
5. Падоўжныя ніткі ў тканіне. Выў пад рукамі ў іх [ткачых] не шоўк, А просты, каляровы Па густу выбраны уток І тонкая аснова. Арочка.
6. Частка слова, якая раскрывае яго лексічнае значэнне і ў якую, апрача кораня, можа ўваходзіць прыстаўка і суфікс.
7. Старана геаметрычнай фігуры, перпендыкулярная да яе вышыні. Аснова трохвугольніка. Аснова сегмента.
8. Злучэнне, якое ўтварае пры ўзаемадзеянні з кіслотамі соль.
◊ Закласці асновы чаго гл. закласці. Ляжаць у аснове чаго; легчы ў аснову чаго гл. ляжаць, легчы. На аснове чаго — зыходзячы з чаго-н., апіраючыся на што-н.; на падставе. Узяць за аснову гл. узяць.
Паведаміць пра недакладнасьць