астацца, астануся, астанешся, астанецца; астанёмся, астаняцеся; зак.
1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе-н.; не пакінуць якога-н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут. Васілевіч. Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду. Астрэйка. Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму. Чорны.
// з інф. Затрымацца з якой-н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта. Чарнышэвіч. Галілей астаўся чакаць старшыню. Зарэцкі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Тоня] вымушана была астацца начаваць. Шамякін.
// Пабыць з кім-н., у каго-н. Астацца з дзецьмі.
// Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.
2. (1 і 2 ас.не ўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся. Чорны. [Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў. Лобан. Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз. Колас.
// Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб'е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход. Чорны.
// Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім-н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць.Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала. Чорны. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор'е. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Колас.
// каму, на каго. Дастацца каму-н., прыйсціся на долю каго-н. Уся спадчына асталася сыну.
3. Не перастаць быць якім-н., кім-н., знаходзіцца ў якім-н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў. Чорны.
// з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гарус] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны. Сажалка так і асталася нявыкапанай. Колас.
4. Аказацца, апынуцца ў якой-н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой.[Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе. Колас. Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін. Чорны. Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай. Карпаў.
// без чаго. Аказацца без чаго-н. Астацца без дроў. Астацца без абеду.Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца? Гроднеў. На бога спадзяешся — без кашулі астанешся. Прыказка. Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног. Прыказка.
5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна. Чорны. “Я даганяў каня, але астаўся”, значыць, адстаў, не збегся. Лужанін. [Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла. Чарнышэвіч.
6. безас., каму і з інф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.
Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі. Астацца з носам — пацярпець няўдачу. Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні “ў дурня”; б) перан. Быць падманутым, ашуканым.

Паведаміць пра недакладнасьць