1. Сярэдняя частка сцябла ці ствала расліны, якая адрозніваецца сваёй большай або меншай цвёрдасцю. Начамі на пажарышчы відаць было, як выгарвалі асяродкі ў дуплаватых смалістых соснах ды кедрах-веліканах. Пальчэўскі.
// Металічны або з якога-н. іншага матэрыялу шпень, устаўлены ў што-н. Асяродак карандаша. Асяродак трансфарматара.
// Сярэдзіна якога-н. прадмета. Асяродак плода.
2. Сярэдняя, цэнтральная частка чаго-н. Понізу іх [пагоркаў] разлягалася сенажаць, а ў асяродку яе — паважная Шчара. Вышынскі.
// перан. Цэнтр, засяроджанне чаго-н. Асяродак культуры. Асяродак рэвалюцыйнага руху.
// Тое галоўнае, што выклікае найбольшую ўвагу ўсіх. Кампазіцыйны асяродак. □ І клуня, і кожная рэч у ёй, каб умелі гаварыць, расказалі б цікавую гісторыю свайго паходжання і ў самым асяродку быў бы дзед Баўтрук. Колас.
3. Тое, што і асяроддзе (у 1 знач.). Іх [вучняў] часта грубаватыя выхадкі ці звароты непасрэдна да яго.. [настаўнік] прапускаў між вушэй, ведаючы той грубы асяродак, з якога яны выйшлі. Колас.
Паведаміць пра недакладнасьць