балючы, -ая, -ае.
1. Пашкоджаны хваробай, раненнем. Вавілыч і партызаны, якія прыходзілі яму на дапамогу, паспелі адскочыць крокаў на сотню, аднак балючая нага садоўніка пашкодзіла ўсяму. Кулакоўскі.
2. Які выклікае адчуванне фізічнага болю. Балючы ўкол.
// Які сведчыць пра боль; пакутны. Балючым енкам прагучэў самотны крык арла ў вышыні. Самуйлёнак.
3. перан. Які прычыняе душэўныя хваляванні, неспакой. — Добра, тата, добра, — адказала Таня, каб хутчэй закончыць гэтую балючую размову. Шамякін.
// Які выяўляецца ў рэзкай форме. Андрэй чакаў нейкага адказу, магчыма, самага балючага рэагавання. Кулакоўскі.
// Вельмі важны, найбольш хвалюючы. [Дзяўчынкі] спяшаюцца выкласці самае балючае — у іх класе ёсць яшчэ вучні з дрэннымі паводзінамі. “Маладосць”.
// Які цяжка адбіваецца на чым-н. Была скончана пачатковая школа, але далейшы лёс хлопчыка апынуўся ў тупіку: працяг вучобы патрабаваў грашовых затрат, балючых для сялянскай гаспадаркі. У.Калеснік.
Балючае месца гл. месца. Балючае пытанне гл. пытанне.

Паведаміць пра недакладнасьць